І рублёў не будзе? Расійскія банкі просяць адкласці абнаўленне купюр з-за санкцый
Асацыяцыя банкаў Расіі звярнулася да Цэнтрабанка краіны з лістом, у якім просіць адкласці ўвод новых банкнот у сувязі з санкцыямі Захаду.

Як піша REFORM.by са спасылкай на ліст, пастаўшчыкі банкаматаў, а таксама іншага абсталявання для працы з грашыма спынілі працу з Расіяй. З-за сыходу пастаўшчыкоў таксама стала немагчыма абнавіць праграмнае забеспячэнне ў абсталяванні. Банкі не могуць дадаваць і змяняць шаблоны купюр, па якіх ідзе распазнаванне наміналу.
Каб дапрацаваць праграмнае забеспячэнне без удзелу распрацоўшчыкаў, спатрэбіцца мінімум паўгода.
У выніку — пры паступленні ў абарачэнне новых банкнот банкі могуць сутыкнуцца з сур'ёзнымі праблемамі.
Цэнтрабанк РФ у 2022-2025 гадах планаваў паэтапна абнавіць расійскія грошы. Сёлета збіраліся выпусціць новыя сторублёвыя купюры, а ў наступным — наміналам 1000 і 5000 расійскіх рублёў.