Яцанюк у судзе распавёў пра дзясяткі пагадненняў Януковіча на карысць Расіі
У перыяд з 2010 па 2014 гады былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч заключыў пяцьдзясят пагадненняў на карысць Расійскай Федэрацыі.
Пра гэта заявіў былы прэм'ер-міністр Арсень Яцанюк падчас допыту ў Абалонскім райсудзе па справе аб дзяржаўнай здрадзе Януковіча.
"З 2010 па 2014 гады больш за пяцьдзясят двухбаковых дакументаў былі падпісаны паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй. Як правіла, гэтыя дакументы былі накіраваныя на тое, каб Расія мела як мага большы эканамічны ўплыў на ўкраінскую дзяржаву і кантроль за яе дзяржбяспекай", — сказаў ён.
Яцанюк дадаў, што пагадненні ў асноўным тычыліся супрацоўніцтва паміж Украінай і РФ у сферы газу, атамнай энергетыкі і ў сферы бяспекі.
На думку былога прэм'ера, прыняцце Харкаўскіх дамоў паміж Украінай і Расіяй аб прадаўжэнні тэрміну знаходжання Чарнаморскага флоту РФ на тэрыторыі Украіны да 2042 года стала своеасаблівай легітымізацыяй знаходжання расійскіх войскаў і стварыла перадумовы для расійскай агрэсіі ў пачатку 2014 года.
Яцанюк падчас свайго выступу ў судзе адзначыў, што перыяд прэзідэнцтва Януковіча характарызуецца "неверагодным пранікненнем спецслужбаў РФ ва ўкраінскія спецслужбы". У прыватнасці, кіраўнікамі СБУ і Мінабароны ў часы Януковіча былі менавіта грамадзяне Расіі, адзначыў ён.
На пытанне прадстаўнікоў дзяржаўнага абвінавачвання, ці існавалі нейкія пагрозы жыццю і здароўю Януковіча ў лютым-сакавіку 2014 года, Яцанюк паведаміў, што такой інфармацыі не было.
"На той момант дзяржаўная ахова Януковіча дасягала некалькіх соцень чалавек. Таму ніякай інфармацыі пра пагрозу жыццю і здароўю прэзідэнта Януковіча не было. Гэта яшчэ пацвярджаецца тым, што Януковіч асабіста адмовіўся ад дзяржаўнай аховы. Калі б пагроза была, то ён бы не адмовіўся ад аховы", — рэзюмаваў Яцанюк.
Таксама Яцанюк распавёў падрабязнасці адыходу Януковіча ў 2014 годзе.
Як паведамлялася, кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі выклікаюць на допыт у якасці сведкі па справе аб дзяржаўнай здрадзе збеглага экс-прэзідэнта Віктара Януковіча.