Пуцін загадаў пачаць вывад расійскіх войскаў з Сірыі

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў пачаць вывад расійскай групоўкі войскаў з Сірыі. Пра гэта стала вядома падчас яго візіту на сірыйскую авіябазу Хмеймім 11 снежня.

Фота: AP/ТАСС

Фота: AP/ТАСС


Як паведамляе Інтэрфакс, на авіябазе Пуціна сустракалі прэзідэнт Сірыі Башар Асад, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу і камандуючы расійскай ваеннай групоўкі Сяргей Суровікін.
"Міністру абароны, начальніку Генштаба загадваю: прыступіць да вывядзення расійскай групоўкі войскаў у пункты іх пастаяннай дыслакацыі", — сказаў Пуцін, выступаючы перад вайскоўцамі.Паводле яго слоў, рашэнне аб вяртанні ў Расію закране значную частку ваеннай групоўкі.
"За два з невялікім гады Узброеныя сілы Расіі разам з сірыйскай арміяй разграмілі найбольш баяздольную групоўку міжнародных тэрарыстаў. У гэтай сувязі мной прынята рашэнне: значная частка расійскага вайсковага кантынгенту, якая знаходзіцца ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, вяртаецца дадому, у Расію", — адзначыў Пуцін.
Прэзідэнт РФ падзякаваў вайскоўцам РФ за выкананне баявых задач у Сірыі."Вы з перамогай вяртаецеся да сваіх родных ачагоў, да сваіх блізкіх, бацькоў, жонак, дзяцей, сяброў. Радзіма чакае вас, сябры. У добры шлях. Дзякуй вам за службу", — сказаў Пуцін.
Пры гэтым ён не ўдакладніў ні канкрэтных тэрмінаў вываду войскаў, ні іх колькасць.
Раней паведамлялася, што 6 снежня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў аб канчатковым разгроме Ісламскай дзяржавы ў Сірыі. Пазней у Пентагоне абверглі інфармацыю расійскага прэзідэнта, заявіўшы, што ў Сірыі дзейнічаюць тысячы ісламістаў, а поспехі ваенных РФ у гэтай вайне вельмі сумніўныя.