Яшчэ адна краіна заклікала сваіх грамадзян пакінуць Расію
МЗС Чэхіі заклікала сваіх грамадзян устрымацца ад паездак у Расію, а тых, хто там знаходзіцца, — як мага хутчэй пакінуць тэрыторыю краіны.

Чэшскія ўлады заклапочаныя магчымым пагаршэннем сітуацыі ў галіне бяспекі еўрапейскіх грамадзян.
«МЗС Чэхіі заклікае суграмадзян пакінуць краіну [РФ], — адзначаецца ў дакуменце, апублікаваным на сайце чэшскага Міністэрства замежных спраў. — У сувязі з падаўжэннем вайсковага ўварвання Расіі ва Украіну і магчымай пагрозай пагаршэння сітуацыі ў сферы бяспекі ў Расіі, перш за ўсё для грамадзян краін Еўрасаюза і NATO, МЗС Чэхіі рашуча папярэджвае жыхароў Рэспублікі ўстрымацца ад паездак на тэрыторыю РФ».
Грамадзян Чэхіі, якія знаходзяцца ў гэты момант у Расіі, улады ў Празе папярэджваюць, што амбасада Чэхіі ў Маскве можа перайсці на абмежаваны рэжым працы праз абвастрэнне стасункаў паміж Масквой і краінамі ЕС і NATO.
Раней да сваіх грамадзянаў з падобным папярэджаннем звярнуліся ўлады ЗША, Польшчы, Румыніі, Эстоніі і Балгарыі.

Эстонія, Польшча і ЗША папярэдзілі, што Расія ўспрымае асоб з падвойным грамадзянствам, як грамадзян Расіі, а таму яны, цалкам магчыма, могуць падпасці пад пуцінскую «частковую мабілізацыю».
Нагадаем, 22 верасня на фоне правалаў расійскай арміі ва Украіне і контрнаступу ўкраінскага войска на ўсходзе Украіны кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін аб'явіў «частковую мабілізацыю». Гэта выклікала масавыя ўцёкі расійцаў з краіны.
Паводле ВВС.
