Каранавірус: у Кітаі выявілі 72 інфікаваных сярод грамадзян, якія ляталі ў Расію

У Кітаі 12 красавіка больш як палова новых выпадкаў заражэння каронавірусам прыпала на грамадзян, якія вярнуліся з Расіі, паведамляе «Свабода».

Фота: РБК

Фота: РБК


51 выпадак зафіксаваны ў аэрапорце Шанхаю ў пасажыраў з маскоўскага рэйсу. Яшчэ 21 выпадак выяўлены ў адной з правінцыяў у кітайцаў, якія прыбылі з Масквы праз Уладзівасток. Усяго за апошні дзень у КНР выяўлена каля 100 выпадкаў COVID-19.

Bloomberg адзначае, што ў красавіку кітайскія лекары ў правінцыі на паўночным усходзе краіны выявілі больш за сто выпадкаў інфікавання у кітайскіх грамадзянаў, якія прыбылі з Расіі праз сухапутную мяжу.

У Кітаі цяпер абмежаваныя міжнародныя авіязносіны дзеля прадухілення далейшага развіцця эпідэміі. Многія грамадзяне вымушаныя вяртацца на радзіму сушаю. На фоне гэтага Расія можа стаць адной з новых крыніц заражэння для жыхароў КНР, піша Bloomberg.

З пачатку эпідэміі ў Кітаі выяўлена больш як 82 тысячы заражэнняў каронавірусам новага тыпу, колькасць загінулых перавысіла 3300. ЗША і краіны Захаду мяркуюць, што Пекін можа ўтойваць рэальныя звесткі аб выяўленых выпадках заражэння і загінулых пацыентах. Кітайскія ўлады гэта абвяргаюць.