Кіраўнікі МЗС G7 правядуць тэрміновую сустрэчу па Украіне — СМІ

Міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» (G7) на гэтым тыдні правядуць тэрміновую сустрэчу ў Германіі. Тэмай абмеркавання будзе сітуацыя вакол Украіны. Пра гэта ў сераду паведаміла агенцтва Kyodo.

adobestock_216406534_2048x1024.webp


Мяркуецца, што сустрэча пройдзе ўжо на гэтым тыдні на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (МКБ), піша Еўрарадыё.

Канферэнцыю збіраюць на 18-20 лютага. Ад ЗША ў ёй паўдзельнічаюць віцэ-прэзідэнт Каміла Харыс і дзяржсакратар Энтані Блінкен, ад Германіі — канцлер Олаф Шольц. Чакаецца, што ўдзел у канферэнцыі прыме і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Сустрэча кіраўнікоў МЗС G7 адбудзецца на фоне заяў заходніх палітыкаў пра магчымае ўварванне Расіі ва Украіну. У Расіі гэтыя сцверджанні называюць «беспадстаўным нагнятаннем напружанасці». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн напярэдадні выступіў са спецыяльнай заявай. Ён сказаў, што Вашынгтон настроены вырашаць супярэчнасці з Расіяй дыпламатычным шляхам, але калі Расія нападзе на Украіну, яе чакае рашучы і жорсткі адказ.

Сітуацыю вакол Украіны абмяркоўвалі напярэдадні ў Маскве расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін і канцлер Германіі Олаф Шольц. На выніковай прэс-канферэнцыі журналісты запыталіся ў Пуціна, ці выключае ён вайну ў Еўропе. Расійскі прэзідэнт сказаў, што Расія, як і Еўропа, не хоча новай вайны і таму накіравала Захаду прапановы па еўрапейскай бяспецы. У залежнасці ад развіцця дыялогу будзе развівацца і сітуацыя па іншых напрамках. Расія патрабуе ад захаду пісьмовы гарантый, сярод якіх патрабаванне аб непашырэнні НАТА на Усход.