Кіроўца на слізкай дарозе не змог затармазіць і праляцеў мяжу

Аўтамабіль спыніўся толькі праз 50 метраў, але ўжо на тэрыторыі чужой дзяржавы.

Зімовае патруляванне мяжы, Памежная служба Польшчы

Зімовае патруляванне мяжы, Памежная служба Польшчы


Супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы затрымалі грамадзян, якія нелегальна перасеклі польска-расейскую мяжу й на 50 метраў уехалі на тэрыторыю Расеі. Абодва грамадзяне Польшчы — мужчына й жанчына — аштрафаваныя, паведамляе Польскае радыё.
Здарэнне мела месца ноччу з суботы на нядзелю. Супрацоўнікі памежнай службы з заставы ў горадзе Вэнгажэва (Węgorzewo) неслі службу на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расеі. У пэўны момант яны заўважылі аўтамабіль Opel Frontera, які рухаўся ў бок граніцы. Памежнікі далі сігнал для таго, каб аўто спынілася. Аднак пры спробе тармажэння Opel пачало заносіць на слізкай дарозе. Аўтамабіль па інэрцыі прасунуўся наперад і затрымаўся праз 50 метраў, але ўжо на тэрыторыі Расеі.
Пасажыры аўто, 31-гадовы мужчына й 28-гадовая жанчына, адразу ж вярнуліся назад у Польшчу. Кіроўца й пасажырка паведамілі, што яны немясцовыя й што заблудзіліся, і прадаставілі на гэта адпаведныя дакументы. Памежнікі адпусцілі «нелегалаў», аднак перад гэтым аштрафаваўшы на 500 злотых (115 эўра) кожнага з іх за нелегальнае перасячэнне мяжы.