Колькасць беларусаў, якія звяртаюцца па прытулак у Польшчы, вырасла амаль утрая
Ад пачатку 2021 года грамадзяне Беларусі падалі 1122 заявы аб міжнароднай абароне. Найбольшая колькасць была ў ліпені 2021-га — такім правам скарысталіся 235 чалавек.
За першую дэкаду верасня паступіла яшчэ 68 хадайніцтваў аб міжнароднай абароне, піша Радыё Свабода са спасылкай на тэлеграм-канал «Беларусы ў Польшчы».
Для параўнання, за ўвесь 2020 год такіх зваротаў зафіксавана ўсяго 407, то-бок утрая менш.
Тэлеграм-канал падае сёлетнюю статыстыку прынятых заяў асобна па месяцах: студзень — 78; люты — 57; сакавік — 130; красавік — 132; травень — 153; чэрвень — 123; ліпень — 235; жнівень — 150.
За апошнія чатыры гады Управа па справах іншаземцаў Польшчы вынесла 709 рашэнняў аб міжнароднай абароне грамадзянам Беларусі, у тым ліку 53 чалавекі атрымалі статус уцекача, 452 — дадатковай абароны і 2 — дазвол на талерантнае знаходжанне.
Бюджэтны план Управы па справах іншаземцаў на 2021 год перавысіў 64 млн злотых. Сродкі будуць выдаткаваныя на сацыяльную дапамогу іншаземцам, якія шукаюць міжнародную абарону.