Кожны трэці расіянін лічыць, што Сонца круціцца вакол Зямлі

Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (УЦВГМ) уключыў у сваё ліпеньскае апытанне некалькі даволі прымітыўных пытанняў з мэтай высветліць узровень навуковай пісьменнасці расіян. Вынікі здзіўляюць.

0_1238c8_d911aef6_orig_mr1mz.jpg


Нягледзячы на развіццё адукацыі і даступнасць любых ведаў, траціна расіян працягвае памыляцца адносна такога базавага палажэння навуковага апісання свету, як уладкаванне Сонечнай сістэмы. Кожны трэці расіянін перакананы, што Сонца круціцца вакол Зямлі (35%), за 15 гадоў паказчык вырас на 7%. У той жа час толькі 12% пагадзіліся з тым, што абарот вакол Сонца Зямля здзяйсняе за адзін месяц (2007 год — 14%; 2011 год — 20%).

Выказванне пра радыяцыю выклікала ў расіян менш цяжкасцей. Са сцвярджэннем, што радыеактыўнае малако можна зрабіць бяспечным, калі яго пракіпяціць, пагадзіліся толькі 7%. Гэта ў 2 разы менш, чым 15 гадоў таму (2007 год — 14%).

У тое, што першабытныя людзі маглі шпацыраваць побач з дыназаўрамі, верыць кожны пяты (21%), у 2007 годзе такіх была траціна (30%). Даволі высокая доля памылковых адказаў на пытанні пра ГМА. Мяркуюць, што прадукты з ГМА могуць выклікаць рак, 44% расіян. На думку 32% апытаных, генетычна мадыфікаваныя прадукты змогуць перамагчы голад на зямлі.

Хоць значная частка расіян працягвае памыляцца наконт кручэння Сонца вакол Зямлі, па астатніх прадстаўленых памылках доля некарэктных адказаў знізілася.

Па выніках адказаў на шэсць сцвярджэнняў былі вылучаныя тры групы па ўзроўні навуковай пісьменнасці: 2 і менш правільных адказаў — невысокі ўзровень (21% расіян); 3-4 правільныя адказы — сярэдні ўзровень (44%); 5-6 правільных адказаў — высокі ўзровень (35%). У большай ступені на навуковую пісьменнасць уплываюць адукацыя, медыяспажыванне, узрост і памер населенага пункта.

Расіян з невысокім узроўнем навуковай пісьменнасці адрознівае старэйшы ўзрост (у групе старэйшых за 60 гадоў 33% рэспандэнтаў далі не больш за 2 правільныя адказы); актыўнае выкарыстанне тэлевізара (43%); пражыванне ў вёсцы (32%); адукацыя на ўзроўні сярэдняй і ніжэй (31—55%).

Працэнт расіян з сярэднім узроўнем навуковай пісьменнасці вышэй сярод тых, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю (46%), і старэйшых за 45 гадоў (48—46%), а таксама тых, хто пражывае ў невялікіх населеных пунктах з колькасцю да 100 тысяч чалавек (48%).

Групу з высокім узроўнем навуковай пісьменнасці характарызуе перавага моладзі (61% сярод 18—24-гадовых давалі 5 і больш правільных адказаў), актыўнае спажыванне інтэрнэту (49%), вышэйшая адукацыя (45%), пражыванне ў Маскве і Санкт-Пецярбурзе (51%), а таксама Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе (45%).

Апытанне праводзілася ў ліпені. У ім прынялі ўдзел 1600 расіян старэйшых за 18 гадоў.