Крымскі мост, дняпроўская вада і памылка картографа Рытыха
Вельмі верагодна, што расейская ваенная агрэсія супроць Украіны працягнецца, але ўжо для забеспячэння патрэбаў акупаванага Крыма. Пад непасрэдным прыцэлам мілітарысцкай машыны РФ зараз знаходзіцца тэрыторыя Херсонскай вобласці Украіны. Гэтай тэме прысвечана чарговае расследаванне informnapalm.org.
Барацьба за доступ да рэсурсаў і камунікацый
У выніку расейскай акупацыі Крыму і далейшага супрацьстаяння Масквы і Кіева вялікае значэнне набылі лініі камунікацыяў і аб’екты інфраструктуры, якія злучаюць паўвыспу з кантынентальнай Украінай, а Чорнае мора з Азоўскім. Узаемазалежнасць бакоў часам стрымлівае, а часам наадварот – з'яўляецца сілавым рэсурсам канфлікту.
На акупацыю Украіна адказала ізаляцыяй (пакуль пакінем пытанне пра ініцыятыву і эфэктыўнасць дзяржавы ў гэтым пытанні). Аказалася, што Крым не самадастатковы ў энергетычнай, таварнай і іншых сферах. Акупант вымушаны ўвесь час і з вялікімі для сябе выдаткамі пакрываць недахоп усяго.
Неабходнасць, што паўстала перад РФ, – забяспечыць сталую сувязь з анэксаванай тэрыторыяй – стварыла для Украіны істотны фактар рызыкі на фоне разгортвання актыўнай фазы вайны на Данбасе. У 2014-2015 гадох было зробленае вельмі шмат трывожных прагнозаў што да буйной ваеннай аперацыі Збройных Сілаў РФ, скіраванай на стварэнне «сухапутнага калідору» паміж акупаванымі раёнамі Данбасу і Крымам. Для гэтага Масква мела значныя сілы: 1-й акупацыйны армейскі корпус (Данецк) на Марыюпальскім напрамку, групоўкі ЗС РФ у Крыме, Чарнаморскі флёт і Берагавую ахову памежнай службы ФСБ у Азоўскім моры.
Перспектыва дабудовы Расеяй «Крымскага мосту» праз Керчанскую пратоку, здавалася, знізіла напружанне й верагоднасць разгортвання баявых дзеянняў у Паўночным Прыазоўі. Аднак праз мост, адкрыты сёлета, 15 траўня, паўсталі новыя праблемы.
Па-першае, праз Керчанскую пратоку зараз не могуць праходзіць караблі вышэй за 33 метры праз абмежаванне вышыні арак мосту. Гэта адразу зменшыла колькасьць тыпаў і адзінак гандлёвых суднаў, якія заходзілі ў азоўскія парты Украіны (найбуйнейшыя з іх – Марыюпаль і Бярдзянск). Надводная вышыня некаторых суднаў больш за 40 метраў. Расейскія парты ў Азоўскім моры падобныя караблі не прымалі, а таму іх гэтае абмежаванне не закранула.
Па-другое, на падставе ўзмоцненай аховы мосту ад «украінскіх дыверсантаў», расейцы ўскладнілі рэжым праходу Керчанскай пратокі для астатніх камерцыйных судноў, якія йдуць ва ўкраінскія парты. Цалкам перакрыць для Украіны суднаходны канал Масква пакуль не наважваецца. Нават калі б Крэмль не звяртаў увагу на яшчэ дзейную ўкраінска-расейскую дамову пра супрацу што да выкарыстання Азоўскага мора й Керчанскай пратокі, ухваленую ў 2003 г., маецца яшчэ й міжнароднае марское права, якое дэкляруе свабоду мірнага праходу судноў праз пратокі. Забараніць нельга, але ёсць варыянты максымальна ўскладніць, зрабіць рэйсы нерэнтабэльнымі.
Судны на працяглы час (на 3-10 гадзінаў) затрымлівае Берагавая ахова ФСБ для агляду й ідэнтыфікацыі каманды. Гэта адбываецца, як у Керчанскай пратоцы, гэтак і непасрэдна ў Азоўскім моры (адмоўныя наступствы пагаднення 2003 гаду – адсутнасць размежавання акваторыі). Апроч гэтага, расейцы перыядычна закрываюць раёны Азоўскага мору для правядзення навучальных стрэльбаў. Новай мэтодай для наўмыснага парушэння графікаў камерцыйных рэйсаў украінскіх партоў сталася штучнае затрыманне судноў перад праходжаннем пратокі. Іх па некалькі гадзінаў або нават содняў не ўключаюць у склад караванаў, якія арганізавана праводзяць праз Керч-Енікальскі канал (суднаходная частка Керчанскае пратокі).
Праз гэтую сітуацыю Украіна зазнае значныя эканамічныя страты. Графікі рэйсаў парушаюцца, грузапаток падае, у перспектыве ўладальнікі кампаніяў могуць наагул адмовіцца працаваць з азоўскімі партамі. Пераарыентацыя грузапатокаў на чарнаморскія парты Украіны спрычыніцца да павялічэння лагістычных выдаткаў, а таксама да росту сацыяльнай напружанасці ў прыфрантавым Прыазоўі, дзе Марыюпальскі й Бярдзянскі парты забяспечваюць працаўладкаванне тысячам мясцовых жыхароў.
На ізаляцыю азоўскіх партоў з боку Керчанскае пратокі ўкраінская грамадскасць адрэагавала абмеркаваннем ідэі будаўніцтва суднаходнага Чарнаморска-Азоўскага каналу. Паводле разлікаў, ягоная даўжыня мае складаць прыблізна 120 км. І хаця рэалізацыя падобнага маштабнага інфраструктурнага праэкту справа ня сённяшняга дня, тэхнічна ён мажлівы.
Патэнцыйна Масква можа ствараць перашкоды таксама й для рэйсаў у чарнаморскія парты Украіны (Адэса, Мікалаеў, Хэрсон). Падставай для гэтага можа быць «ахова марскіх акваторыяў» паміж мысам Тарханкут (Заходні Крым) і выспай Змяіны (Украіна), дзе захопленая расейцамі дзяржаўная кампанія «Чарнаморнафтагаз» здзяйсняе незаконнае здабыване вуглевадародаў на ўкраінскім шэльфе. Патруляваннем гэтага раёну займалася Берагавая ахова ФСБ, а з нядаўняга часу, паводле паведамленняў расейскіх СМІ, да аховы буравых платформаў прыцягнутыя малыя супрацьчаўновыя караблі й ракетныя катэры 41-й брыгады ракетных караблёў Чарнаморскага флёту.
Мілітарызацыя адбываецца і на Азоўскім моры. У дадатак да карабельнага складу Берагавой аховы ФСБ і Чарнаморскага флёту Расея перакідвае сюды артылерыйскія катэры Каспійскай флатыліі. Апроч традыцыйнага маршруту праз Волга-Данскі канал адпрацаваная дастаўка катэраў з дапамогаю чыгункі, што значна скарачае тэрмін перакідвання.
Нарошчванне вайсковага патэнцыялу можа быць проста «гульнёй цягліцаў» Масквы ў супрацьстаянні з Кіевам за марскія камунікацыі й шэльф. Аднак не варта адкідаць варыянты падрыхтоўкі Расеі да чарговай збройнай эскаляцыі. Найбольш верагоднай ейнай мэтай можа быць усталяванне кантролю над часткай Хэрсонскае вобласці, дзе праходзіць абвадняльны Паўночна-Крымскі канал.
Пастаўка з дапамогаю гэтага каналу дняпроўскае вады пачалася ў 1963 годзе. З тых часоў ён істотна палепшыў ўмовы вядзення сельскай гаспадаркі ў сухой стэпавай частцы паўвыспы. Да 2014 году канал забяспечваў 80-87% патрэбаў Крыму ў прэснай вадзе. Праз расейскую акупацыю водазабеспячэнне з Дняпра было спыненае.
Нягледзячы на розныя задзейнічаныя захады, як, напрыклад, бурэнне свідравінаў, расейская акупацыйная адміністрацыя гэтак і не развязала праблему забеспячэння Крыму належным аб’ёмам прэснае вады. Сьледствам гэтага сталася скарачэнне паліўны́х плошчаў і аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Недахоп вады, а таксама інтэнсіўная распрацоўка падземных крыніцаў, спрычыніліся да пагаршэння экалагічнай сітуацыі на акупаванай тэрыторыі. Адбываецца засольваньне верхніх пластоў глебы, абмяленне вадасховішчаў, рэзкае скарачэнне расліннага покрыву Крыму. У перспектыве гэта можа спрычыніцца да выезду большасці насельніцтва сельскай мясцовасьці з стэпавай часткі паўвыспы.
Немажлівасць развязаць праблему водазабеспячэння ў плашчыні інжынерных і транспартных рашэнняў падштурхоўвае РФ да варыянту сілавых дзеянняў. Мілітарызацыя Азоўскага й Чорнага мораў, а таксама негалосная блакада ўкраінскіх партоў, на думку аглядальнікаў, можа быць сродкам шантажу Кіева дзеля прымушэння ўкраінскага боку аднавіць працу Паўночна-Крымскага каналу. У выпадку найгоршага развіцця сітуацыі след чакаць спробаў акупацыі расейскай арміяй Херсонскай вобласці Украіны.
Сюжэты для прапаганды і дэзінфармацыі
Гісторыя многіх дзяржаваў і палітычных рэжымаў, якія ў розны час існавалі ў Крыме, мае важную агульную рысу: іхнае імкненне кантраляваць буферную й рэсурсную тэрыторыю на кантынентальнай Украіне. Пэўна, гэты фактар ўлічвала й улада Расейскае Імпэрыі, калі ў 1784 годзе стварала на мейсцы анэксаванага Крымскага ханства Таўрыйскую вобласць (пасьля – Таўрыйская губерня). У склад гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі з цэнтрам у Сімферопалі ўваходзілі таксама асобныя тэрыторыі сучасных Херсонскай, Запарожскай й Мікалаеўскай абласцей.
Ідэя рэінкарнацыі Таўрыйскай губерні ў ейных колішніх межах можа стрэліць гэтак жа нечакана, як гэта здарылася з так званай «Наваросіяй» у 2014 годзе. Актуальнасць падобнага плану відавочная: кантроль над кантынентальнай часткай Таўрыі можа вырашыць праблему водазабеспячэння Крыму, бо вада Паўночна-Крымскага каналу цячэ акурат праз гэтыя землі.
У лозунгах звястуноў «рускай вясны» 2014 году канфедэратыўная «Наваросія» мелася складацца з 8 «народных рэспублікаў» у межах адпаведных абласцей поўдню й усходу Украіны. Аднак на практыцы атрымалася стварыць толькі «ДНР» і «ЛНР», і то на абмежаванай тэрыторыі. У траўні 2015 году самі прадстаўнікі баявікоў абвесцілі праэкт «Наваросіі» закрытым (замарожаным на нявызначаны час). Таму мадэль з 8 рэспублікаў-абласцей больш не з'яўляецца арыентырам для прапаганды й падрыўных дзеянняў расейскай агентуры ва Украіне. Прыкладам пошуку новых ідэалагічных асноваў ёсьць справа так званай «Бесарабскай народнай рэспублікі», або ж «Народнай рэспублікі Буджак» (2015 г.). Сэпаратысцкае ўтварэнне з такой назвай мела ахопліваць паўднёвую частку вобласці, то бок пра «Адэскую народную рэспубліку» ўзору 2014 году ўжо не вялося.
Цалкам мажліва, больш не засталося й «патрыётаў» «Херсонскай народнай рэспублікі». Натомест у Херсонскай вобласі могуць з'явіцца новыя хімеры «русскаго міра». Пакуль ідэя Таўрыйскай губэрні (назоў не прынцыповы, галоўнае – тэрыторыя) не знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, ёсць сэнс згуляць на выпярэджванне. Тым больш, што першыя званочкі ўжо даводзіцца чуць.
Адным з інструментаў расейскай прапаганды, разлічанай на пазбаўленыя крытычнага мыслення масы, могуць стаць старыя этнаграфічныя мапы, на якіх маецца так званая «памылка Рытыха». З прыкладам тэксту, які маніпулюе грамадскай думкаю з выкарыстаннем падобных мапаў, можна азнаёміцца праз спасылку.
Сутнасць аргументацыі наступная. На шматлікіх старых этнаграфічных мапах можна ўбачыць, што кантынентальныя паветы Таўрыйскай губерні заселеныя пераважна расейцамі (вялікаросамі), але не ўкраінцамі (маларосамі). Натомест, на мапах савецкага часу гэтыя тэрыторыі пазначаныя ўжо як этнічна украінскія. Чытача падводзяць да высновы: савецкая ўлада або «ўкраінізавала» расейцаў, або ж здзейсніла фізічнае замяшчэнне насельніцтва ва ўмовах сацыяльных катаклізмаў першай паловы ХХ стагоддзя. З гэтага вынікае, што гэта, маўляў, чарговае «злачынства бальшавікоў супроць расейскага народу», наступствы якога неабходна выправіць.
Першакрыніцаю ўсіх мапаў з расейскай Паўночнай Таўрыяй ёсць «Этнаграфічная мапа Еўрапейскай Расеі», створаная расейскім этнографам і картографам Аляксандрам Рытыхам у 1875 годзе.
У гэтым канкрэтным выпадку выбітны навуковец здзейсніў грубейшую памылку, бо ў статыстычных матар’ялах, на якія ён абапіраўся, была пазначаная перавага менавіта ўкраінцаў (маларосаў) на гэтай тэрыторыі. Пра «памылку Рытыха» неаднаразова пісалі адмыслоўцы, у тым ліку й выдатны расейскі адмысловец у галіне гістарычнае дэмаграфіі, доктар гістарычных навукаў Мікалай Кабузан (1932-2008 гг.).
Старонка з працы Мікалая Кабузана «Украинцы в мире: динамика численности и расселения. 20-е годы ХVIII века – 1989 год: формирование этнических и политических границ украинского этноса», выдадзенай Інстытутам расейскай гісторыі Расейскай акадэміі навук у 2006 годзе.
Звесткі пра перавагу ўкраінцаў, як у Таўрыйскай губерні суцэльна, гэтак і ў ейнай паўночнай частцы былі пацверджаныя таксама першым Усерасейскім перапісам насельніцтва 1897 году. Згодна з вынікамі перапісу, у Таўрыйскай губерні пражывалі:
маларосы – 611.121 чалавек (42,2%)вялікаросы – 404 463 чалавекі (27,9%)
У трох кантынентальных паветах Таўрыйскай губэрні дадзеныя перапісу наступныя:
маларосы – 546.418 чалавек (60,6%)вялікаросы – 223 500 чалавек (24,8%)
На жаль, гэтая памылка спрычынілася да недакладнасцяў шматлікіх картаграфічных працаў розных аўтараў напрыканцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя. Зрэшты, не на ўсіх мапах часоў Рытыха яна прысутнічае.
Нягледзячы на тое, што ў прафесійным асяроддзі пра «памылку Рытыха» вядома ўсім, расейская прапаганда можа не зважаць на гэта й скарыстаць ёю па прызначэнню. Для інфармацыйнай вайны Крамлю важная не якасць фэйку, але наяўнасць рэсурсу для ягонага распаўсюджвання на мэтавую аўдыторыю.
Зрэшты этнаграфічныя аргуманты могуць граць толькі мабілізуючую ролю, але не ёсць самадастатковымі для абгрунтавання захопніцкіх дзеянняў. Варта зрабіць усё мажлівае дзеля прадухілення мажлівых спробаў Крамля дэстабілізаваць палітычную сітуацыю на поўдні Украіны, які можа выкарыстаць і сацыяльна-эканамічныя праблемы, і этнаканфесіянальную стракатасць рэгіёну, а таксама дыверсіі на аб’ектах крытычнай інфраструктуры – што можа дазволіць расейскім акупантам прыйсці на ўкраінскую зямлю ў абліччы «міратворцаў».