Вяртанне Пяруна
Гэты тыдзень — лёсавызначальны для ўкраінскага праваслаўя. Канстанцінопальскі патрыярхат можа даць Кіеву так званы «тамас» — права на фармаванне незалежнай праваслаўнай царквы, што, натуральна, не падабаецца Маскве. Між тым, пакуль праваслаўныя спрачаюцца, на арэну выходзяць мясцовыя паганцы.
Калі вы думаеце, што на двары 2018 год, то, магчыма, памыляецеся. На думку прадстаўнікоў украінскай паганскай секты «Рун-Вера», цяпер у нас 10017 год. Проста каляндар у «рунвіраўцаў» вядзецца з часоў Мізінскай культуры, помнікі якой знойдзены ў сяле Мізін Чарнігаўскай вобласці. Лічыцца, што Мізін — калыска ўкраінскай расы, ад якой, у сваю чаргу, з часам пайшла белая раса.
Прыдумаў усю гэтую тэму Леў Сіленка — ураджэнец Кіраваградскай вобласці, які пасля вайны апынуўся за акіянам. Прыкладна ў 1960-я гады яго ахапіла думка напісаць кнігу «Мага Віра» — маніфест створанай ім жа групоўкі «Родная ўкраінская нацыянальная вера» або карацей «РУН-вера».
Паводле вучэння Сіленкі, украінцы маюць сваё разуменне Бога, якога завуць Дажбог. На базе гэтага тэзісу РУН-вера ўсталёўвае для ўкраінцаў асобнае месца ў рэлігійным жыцці чалавецтва. Маючы родную веру, маўляў, украінец не падпарадкоўвае сябе замежным рэлігійным аўтарытэтам, догмам, канонам. Паводле Сіленкі, менавіта навязаўшы Украіне «чужое ёй хрысціянства», спачатку Візантыя, а затым і Масква імкнуліся закабаліць украінскі народ ператварыўшы яго ў духоўных рабоў. Тым самым зварот да паганства, як піша аўтар «Мага віры», азначае згуртаванне нацыі ў яе імкненні да незалежнасці.
У пачатку 1990-х эмісары РУН-веры, якая раней працавала выключна ў эміграцыі, з’явіліся ва Украіне. На нейкім этапе гэты накірунак стаў прыкметнай грамадскай з’явай. Паганцаў адкрыта падтрымлівалі вядомыя кіеўскія літаратары. Вучэнне ўплывала на актыў шэрагу кансерватыўных партый. Шмат вэрхалу, напрыклад. нарабіла кампанія з патрабаваннямі прыбраць з украінскіх грыўняў выяву князя Уладзіміра-Хрысціцеля. Цікава, што секцыя РУН-веры дзейнічала таксама і ў Беларусі.
Аднак неўзабаве сваё слова моцнае слова сказала ісціна, сфармуляваная ў вядомай прыказцы: «дзе два ўкраінцы, там тры гетманы». З-за персанальных разборак рух паганцаў распаўся на шматлікія мікратусоўкі — Сабор роднай украінскай веры, грамадства Вялікага Агню, Саюз Славянскіх Абшчынаў, Украінскія язычнікі і гэтак далей. Зразумела, што лідар кожнай групоўкі (іх колькасць даўно перакрочыла за сотню) называе сябе галоўным вешчуном або прарокам.
Праблема адзінага лідара аказалася вырашаная сама сабой у 2014-м, калі на тэатры баявых дзеянняў у Данбасе з’явіўся батальён «Азоў», які пераважна фарміруецца з правых радыкалаў. Пры гэтым гаворка ідзе не пра радыкальных нацыяналістаў, а паслядоўных прыхільнікаў сусветнай правай традыцыі. Яе ідэолагі вельмі адмоўна ставіліся да хрысціянства як да касмапалітычнай і гуманістычнай рэлігіі. Адсюль нездаровае захапленне «азоўцаў» паганскімі культамі.
Дайшло да таго, што ў 2015-м байцы «Азова» наладзілі ў сябе на базе паганскае капішча. Цяпер на гэтым «сакральным месцы» яны асвячаюць зброю перад выкананнем баявых задач. Сам Андрэй Білецкі — правадыр праварадыкалаў, — называе сябе аматарам Мітры (культ Сонца, што спавядаў ганіцель хрысціянства рымскі імператар Юльян Адступнік). Адзначым, што на думку некаторых каментатараў, гульні ў паганцаў у батальёне «Азоў» на самай справе выконваюць прагматычную задачу фарміравання ў байцоў пачуцця элітарнасці. Моладзі ж падабаецца рамантыка, містыка, атрыбуты, цырымоніі і абрады.
Цікава, што галоўны жрацом украінскіх нацыяналістаў служыць расійскі грамадзянін Сяргей Букрэеў па мянушцы Ярамір, былы кіраўнік паганскай абшчыны Стаўраполля. З іншага боку, магчыма гэта і не дзіўна — рух паганцаў у Расіі існуе даўно, мае моцныя структуры, сябры якіх часам пераходзяць мяжу закона: у 2008-м паганцы спрабавалі падарваць царкву ў маскоўскай вобласці, у 2010-м падпалілі капліцу ў Арле, а ў жніўні 2013-га меў месца падпал храму ў Санкт-Пецярбургу.
Так ці інакш «Азоў», стаўшы агульнаўкраінскім феноменам, надаў новы імпульс украінскім неаязычнікам.
Спрыяе ім таксама і культ старажытнага кіеўскага князя Святаслава, які ў свой час разграміў Хазарскі каганат. Паколькі хазары вызнавалі іўдаізм, ратныя подзвігі Святаслава — важнай для Украіны гістарычнай фігуры, — актыўна апяваюць антысеміты.
Рэнавацыя паганскіх культаў, на думку некаторых палітолагаў, абавязкова акажа нейкі ўплыў на палітычную павестку краіны. Яны мяркуюць, што ў рэлігійныя спрэчкі ўкраінскіх праваслаўных вакол пытанняў аўтакефаліі і сувязяў з Масквой рана ці позна можа ўмяшацца яшчэ адзін актор — язычнікі, падмацаваныя кулакамі і аўтаматамі.
Зрэшты, гэта прагноз на доўгатэрміновую перспектыву. Сёння вылазкі ўкраінскіх паганцаў пакуль хутчэй выклікаюць смех. Восенню 2016 года адзін з паплечнікаў Білецкага пратэставаў супраць дазволу прадаваць украінскі лес за мяжу. Мужчына, які прадставіўся сынам Перуна, выйшаў на пікет да офіса прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Кіеве з велізарным драўляным фаласам.