Кум Пуціна Медвядчук збег з-пад хатняга арышту

Украінскі алігарх Віктар Медвядчук збег з-пад хатняга арышту, паведамляе памочнік кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка.

medvedchuk.jpg


«Праверыў. Пацвярджаю. Здраднік Украіны Медвядчук збег з-пад хатняга арышту», — распавёў Герашчанка, піша REFORM.by.

Уцёкі, па словах прадстаўніка МУС, сталі магчымыя пасля таго, як адзін з кіеўскіх суддзяў пастанавіў зняць з Медвядчука электронны бранзалет.

Герашчанка нагадаў, што жонка Медведчука спешна выехала з Украіны ў Беларусь 19 лютага, за некалькі дзён да расійскага ўварвання. Прадстаўнік МУС робіць выснову, што Медвядчук ведаў аб агрэсіі Расіі загадзя.

Нагадаем, Медвядчук працаваў разам з двума блізкімі да беларускіх уладаў бізнесменамі Аляксеем Алексіным і Мікалаем Вераб'ём. Меў ён інтарэсы і ў імпарце ва Украіну беларускіх нафтапрадуктаў. Яго называюць кумам Уладзіміра Пуціна. 11 траўня 2021 года ва Украіне ў дачыненні Віктара Медведчука была распачата справа аб дзяржаўнай здрадзе. Ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.