Марын Ле Пэн: я не бачу ў Пуціне пагрозы для Еўропы
На заўвагу карэспандэнта CBS, што апытанні грамадскай думкі не дазваляюць Марын Ле Пэн спадзявацца на перамогу, яна адказала, што апытанні не прадказвалі ні "Брэксіт", ні перамогу Дональда Трампа.
Лідар ультраправай французскай партыі "Нацыянальны фронт" і кандыдат у прэзідэнты краіны Марын Ле Пэн заявіла, што не лічыць Расію пагрозай для Еўропы. "Я не веру ў гэта абсалютна. Я думаю, гэта вялікі падман", — сказала яна ў інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CBS.
Па словах Ле Пэн, большай пагрозай бяспекі Еўропы з'яўляецца палітыка "халоднай вайны", якая, па яе словах, "штурхае Расію ў рукі Кітаю".
Адказваючы на пытанне карэспандэнта CBS Андэрсана Купера, ці лічыць яна прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна забойцам і пагрозай для Еўропы і ўсяго рэгіёну, яна сказала: "Пуцін не зрабіў нічога такога, што дазваляла б зрабіць падобныя высновы".
У інтэрв'ю размова зайшла і пра крэдыт у 9 мільёнаў еўра, які Марын Ле Пэн атрымала ў 2014 годзе ў Першага чэшска-расійскага банка. На пытанне, ці не аказвае гэта ўплыву на яе стаўленне да палітыкі Крамля, лідар "Нацыянальнага фронту", як яна ўжо гэта рабіла раней, адказала, што ўзяла крэдыт на фінансаванне сваёй партыі ў Расіі, паколькі французскія банкі ёй у гэтым адмаўлялі.
У пачатку студзеня ў інтэрв'ю французскай тэлекампаніі BFMTV і Radio Monte Carlo Марын Ле Пэн заявіла, што анексія Расіяй Крыма ў 2014 годзе не была незаконнай. У тым жа інтэрв'ю на пытанне, ці з'яўляецца Крым, на яе думку, неад'емнай часткай Расіі, Ле Пэн адказала сцвярджальна.
"Нацыянальны фронт", які выступае супраць іміграцыі і скептычна настроены ў дачыненні да ЕС, атрымаў 27% галасоў на выбарах у мясцовыя органы ўлады, якія прайшлі ў Францыі ў снежні мінулага года.
Марын Ле Пэн называе дурнымі і бязглуздымі санкцыі, уведзенымі краінамі Захаду ў дачыненні да Расіі з-за анексіі Крыма і ўзброенага канфлікту ў Данбасе, ды выступае за паляпшэнне адносін з Масквой.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі запланаваны на 23 красавіка. Другі тур адбудзецца 7 мая, але толькі ў выпадку, калі ў першым ні адзін з кандыдатаў не здолее набраць больш за палову галасоў выбаршчыкаў.
Сацыялагічныя апытанні ў апошні час прадракаюць Ле Пэн упэўнены выхад у другі тур, у якім, зрэшты, яе шанцы ацэньваюцца не надта высока. Аднак калі карэспандэнт CBS сказаў, што апытанні грамадскай думкі не дазваляюць ёй спадзявацца на перамогу, Марын Ле Пэн адказала, што апытанні не прадказвалі ні "Брэксіт", ні перамогу Дональда Трампа.
Паводле ВВС