Міністр па справах Еўропы: Фінляндыя, хутчэй за ўсё, уступіць у НАТА
Фінскі міністр па справах Еўропы Цюці Цюпурайнен заявіла ў інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу Sky News, што пераважная большасць жыхароў Фінляндыі падтрымліваюць уступленне краіны ў НАТА.

Паводле яе слоў, канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае і будзе абмяркоўвацца ў парламенце, аднак верагоднасць таго, што Фінляндыя далучыцца да альянсу, вельмі высокая.
Цюпурайнен дадала, што дзеянні Расіі супраць Украіны былі жорсткімі, а вайна многім адкрыла вочы.
Цюпурайнен таксама пракаментавала заявы расійскіх афіцыйных асоб аб тым, што ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў НАТА прывядзе да негатыўных наступстваў для міру на поўначы Еўропы. «Што б ні казала Расія, мы, вядома, чуем гэта, але прымаем уласныя рашэнні, зыходзячы з нашых інтарэсаў, нашай сітуацыі, і нашай ацэнкі таго, што адбываецца ў цэлым», – заявіла яна.