МЗС Польшчы папрасіў у Беларусі тлумачэнняў наконт Белсата
Справа тычыцца сённяшніх ператрусаў у памяшканнях тэлеканала Белсат у Мінску.
Міністэрства замежных спраў Польшчы звярнулася ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай аб тэрміновым тлумачэнні ў сувязі з сённяшнімі ператрусамі ў памяшканнях тэлеканала Белсат, які з'яўляецца часткай Польскага тэлебачання.
Афіцыйна нечаканы вобшук беларускія ўлады тлумачаць незаконным выкарыстаннем тэлеканалам таварнага знаку. Міліцыя з офіса Белсата забрала частку абсталявання, неабходнага для працы журналістаў – у першую чаргу кампутары.
Дырэктар прэс-службы польскага МЗС Якуб Ваўжыняк (Jakub Wawrzyniak) паведаміў, што міністэрства сочыць за ходам падзей і застаецца ў кантакце з мясцовымі польскімі дыпламатычнымі службамі і з кіраўніцтвам офісаў Белсата ў Мінску па вуліцы Кастрычніцкай і на праспекце Незалежнасці.
radyjo.net