МЗС Польшчы ўручыла дыпламатычную ноту амбасадару Расіі

Польскі бок выказаў занепакоенасць у сувязі са складанасцямі ў доступе да месца смаленскай авіякатастрофы.

Абломкі прэзідэнцкага самалёту, 2011 год. Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Абломкі прэзідэнцкага самалёту, 2011 год. Włodzimierz Pac/Polskie Radio

Віцэ-міністар замежных спраў па пытаннях усходняй палітыкі Барташ Ціхоцкі ўручыў амбасадару Расіі Сяргею Андрэеву дыпламатычную ноту і выказаў занепакоенасць у сувязі са складанасцямі ў доступе да месца смаленскай авіякатастрофы, паведамляе Польскае радыё.
Віцэ-міністар закрануў у размове з расійскім амбасадарам таксама пытанне ўсталяваньня помніка на месцы катастрофы самалёта Ту-154М, “што абавязаліся зрабіць абедзьве дзяржавы ўжо ў 2010 годзе”. Паводле МЗС, польскі бок заявіў пра “няспынную гатоўнасць вярнуцца да размоваў на тэму планаў будовы помніка ахвярам катастрофы”.
“Польскі бок спадзяецца, што расейскі бок не дапусціць ніякіх крокаў, якія маглі б якім-небудзь чынам ускладніць свабодны доступ да месца катастрофы самалёту Ту-154М, якія пазбаўлялі б гэтае месца асаблівага характару — як цяпер, так і ў будучыні”, — гаворыцца ў камюніке МЗС.
Нагадаем, 10 красавіка 2010 года афіцыйная дэлегацыя Польшчы на ​​чале з прэзідэнтам рэспублікі Лехам Качыньскім ляцела на ўрадавым самалёце Ту-154М у Катынь. Ва ўмовах дрэннай бачнасці і адсутнасці візуальнага кантакту з зямлёй пілоты прынялі рашэнне пасадзіць авіялайнер. Самалёт некалькі метраў не дацягнуў да ўзлётна-пасадачнай паласы аэрадрома Смаленск-Паўночны, сутыкнуўшыся спачатку з дрэвамі, а затым і з зямлёй. У выніку катастрофы загінулі ўсе 96 пасажыраў.