Пачаўся абмен палоннымі паміж Украінай і сепаратыстамі

Прадстаўнікі так званых "ДНР" і "ЛНР" пачалі абмен палоннымі з украінскім бокам. Абмен праходзіць на лініі размежавання ў раёне Горлаўка ў Данецкай вобласці.

9f666689_d132_4ac0_a1f2_7138ba80ae23_w1023_r1_s.jpg


"Украіне выдалі першыя 17 чалавек", паведамляе карэспандэнт currenttime.tv.
Напярэдадні лідар так званай "ДНР" Аляксандр Захарчанка абвясціў, што "памілаваў" людзей, якіх пагадзіўся абмяняць з украінскім бокам. Аб аналагічным "памілаванні" паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка "Луганскай народнай рэспублікі" Леанід Пасечнік.
Абмен палоннымі адбываецца па формуле "306 на 74" — украінскі бок павінен вызваліць 306 чалавек, а прарасейскія фарміраванні — 74.
Канчатковыя спісы абмену палоннымі паміж Украінай і сепаратыстамі Данбаса былі зацверджаны на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 20 снежня, а праз пяць дзён кіраўнік самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" Аляксандр Захарчанка назваў яго дакладную дату.
Сярод вызваленых украінскіх закладнікаў ёсць ваенныя, журналісты, валанцёры і падлеткі, піша svoboda.org.  Пакуль невядома, адпусцяць ці сепаратысты двух данецкіх вязняў — журналіста Станіслава Асеева і 63-гадовага навукоўца Ігара Казлоўскага. У "ДНР" іх абвінавацілі ў шпіянажы. Да гэтага часу застаецца нявызначаным і лёс каля 30 зняволеных, якія, па інфармацыі ўкраінскага боку, да апошняга часу адмаўляліся вяртацца ў Луганск і Данецк.
Тым часам на непадкантрольных Украіне тэрыторыях Данбаса, па дадзеных Кіева, яшчэ ўтрымліваюцца больш за 90 чалавек, і месцазнаходжанне многіх з іх невядома.