Парашэнка: ключ ад міру на Данбасе знаходзіцца ў Крамлі

Ключ ад міру ў Данбасе знаходзіцца ў Крамлі, а не ва Украіне ці Вашынгтоне. Пра гэта на ветэранскім форуме «Там, дзе мы — там Україна» заявіў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка.

orig_1264_1481214936.jpeg


Па словах Парашэнкі, ні ў каго няма ніякіх сумневаў, што пачала гэтую вайну Расія. «І яшчэ адна вельмі важная пазіцыя. Ключ ад міру знаходзіцца не ў Кіеве, не ў Вашынгтоне ці ў Бруселі. Ключ ад міру знаходзіцца ў Крамлі», — цытуе ўкраінскага кіраўніка LIGA.net.


Парашэнка дадаў, што калі Украіне будуць навязвацца расійскія кабальныя ўмовы, то «не толькі для прэзідэнта, а для ўсёй украінскай нацыі гэты шлях непрымальны». Таму, што гэта — шлях не да міру, дадаў ён, і нагадаў пра сітуацыю, у якой знаходзяцца акупаваныя Расіяй Абхазія і Асеція.

«Паглядзіце, як там жывуць людзі. І гэта тое, што прапануе Расія жыхарам акупаваных земляў. Украінцы гэтага не прымуць», — адзначыў ён.

Парашэнка заяўляў, што Украіна настойвае на неабходнасці паўнавартаснай міратворчай місіі на ўсёй цяпер акупаванай тэрыторыі Усходу краіны, а не ўздоўж лініі судакранання, як пра тое кажуць у Маскве.