Паспяховая аперацыя СБУ? Пад Масквой застрэлілі ўкраінскага экс-дэпутата
У Падмаскоўі забіты ўкраінскі дэпутат Ілля Ківа. Ён быў у «Правым сектары», а потым — у прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа». Украінскія СМІ сцвярджаюць, што забойства — гэта паспяховая аперацыя СБУ.
Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ілля Ківа знойдзены мёртвым. Яго цела знайшлі ў вёсцы Супонева ў Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласці, пішуць «РІА Новости» і РБК са спасылкай на крыніцы.
Цела Іллі Ківы ляжала на снезе ў лужыне крыві. Яго знайшлі ў парку ля гатэля «Величъ Country Club», сцвярджае тэлеграм-канал Mash.
Цела Іллі Ківы знайшла супрацоўніца гатэля днём 6 снежня каля 15 гадзін, піша Baza. Цела Ківы знайшлі побач з катэджам у гатэлі, дзе ўвесь час жыў Ківа, паведаміў тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ». Тэлеграм-каналѕ Shot і Baza паведамілі, што Ківу, паводле папярэдняй інфармацыі, забілі стрэлам у галаву з пісталета. Паводле даных Baza, Ківа казаў знаёмым, што за ім сачылі.
Украінскія СМІ сцвярджаюць, што Ківу забілі ў выніку спецаперацыі Службы бяспекі Украіны. Пра гэта паведамілі «Украінская праўда», «Суспильне» і «Громадьске» і многія іншыя ўкраінскія СМІ са спасылкай на ананімныя крыніцы.
Сцвярджаецца, што Ківу забілі са стралковай зброі. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў таксама заявіў «Суспільне», што Ківа забіты: «Можам пацвердзіць, што Ківа — усё. І такі лёс напаткае іншых здраднікаў Украіны, а таксама паслугачоў пуцінскага рэжыму».
Следчы камітэт РФ паведаміў, што распачаў крымінальную справу «па факце забойства» Іллі ківы. «Паводле папярэдніх звестак следства, увечары на тэрыторыі парку аднаго з катэджных пасёлкаў у вёсцы Супонева Адзінцоўскай гарадской акругі невядомы зрабіў у пацярпелага стрэлы з неўстаноўленай зброі. Ад атрыманых раненняў мужчына памёр на месцы. Устаноўлена асоба забітага — гэта экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны — Ілля Ківа», — гаворыцца ў паведамленні падмаскоўнага СК.
Нагадаем, Ілля Ківа — украінскі палітык з Палтавы, які падтрымліваў Расію. Ківа — былы сябра нацыяналістычнай арганізацыі «Правы сектар», а потым — прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа — за жыццё».
Да поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну Ілля Ківа выступаў за тое, каб Расія і Украіна аб'ядналіся, а таксама падтрымліваў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
30 студзеня 2022 года ён пакінуў Украіну, перабраўшыся ў Іспанію, а адтуль — у Маскву. Ён звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай даць яму грамадзянства і палітычны прытулак.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Ківа цалкам падтрымліваў дзеянні Расіі.
У сакавіку 2022 года Вярхоўная Рада пазбавіла Ківу дэпутацкага мандата.
У лістападзе 2023 года суд ва Украіне завочна прысудзіў былога дэпутата да 14 гадоў паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе.
Ілля Ківа — часты герой матэрыялаў расійскай прапаганды. Дзяржаўнае агенцтва «РІА Новости» некалькі разоў на месяц публікавала яго каментары пра вайну і пра кіраўніцтва Украіны.
Цікава, што пасля смерці Ківы расійскія прапагандысты хутка ад яго адхрысціліся. «Ківу забілі... Свой сярод чужых / Чужы сярод сваіх звычайна знішчаецца сваімі. Чужым проста няма да яго справы», — адзначыла галоўрэд прапагандысцкага канала RT Маргарыта Сіманьян.
Кульбіты лёсу
Ківа нарадзіўся ў Палтаве. Працаваў намеснікам начальніка ўпраўлення па абароне правоў спажыўцоў у Палтаўскай вобласці. У 2011 годзе яго арыштавалі за хабар. У снежні 2013 года Кастрычніцкі раённы суд Палтавы прысудзіў яго да выплаты штрафу ў 10 200 грыўняў і пазбавіў права займаць дзяржаўныя пасады на працягу года.
У тым жа годзе Ківа стаў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі даміно (да гэтага ён ужо быў прэзідэнтам Украінскай федэрацыі). Як ён заяўляў пазней, пасля Майдана, даміно ён заняўся, каб «выйсці на асяроддзе Пуціна» праз кіраўніка Расійскай Федэрацыі даміно Барыса Барзова, які сябраваў з Сяргеем Шайгу.
У жніўні 2014 года Ківу прызначылі камандзірам батальёна «Палтаўшчына» і амніставалі. Ён стаў маёрам міліцыі.
Ён таксама знаходзіўся ў Правым сектары і ваяваў на Данбасе ў складзе сіл АТА. Меў дзяржаўныя ўзнагароды Украіны і неаднаразова рабіў жорсткія заявы супраць Расіі.
У снежні 2014 года загадам кіраўніка МУС Арсена Авакава Ківа быў прызначаны намеснікам начальніка УМВД Украіны ў Данецкай вобласці. Улетку 2015 года ён стаў намеснікам начальніка УМВД у Херсонскай вобласці з датэрміновым прысваеннем звання падпалкоўніка міліцыі. Тады ж ён узначаліў у Палтаве Саюз ветэранаў АТА.
З кастрычніка 2015 па травень 2016 года ён працаваў кіраўніком Дэпартамента процідзеяння нарказлачыннасці Нацыянальнай паліцыі, затым дарадцам міністра ўнутраных спраў Украіны. У гэты перыяд свайго жыцця Ківа лічыўся блізкім да міністра Авакава чалавекам і палітычна з ім звязаным.
У 2017 годзе Ківа скончыў Нацыянальную акадэмію ўнутраных спраў Украіны па спецыяльнасці «права», атрымаў ступень магістра. У тым жа годзе яго абралі кіраўніком прафсаюзаў Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
Затым у палітычнай кар'еры Ківы здарыўся круты паварот. З 2019 года ён перайшоў у прарасійскую партыю “Апазіцыйная платформа — за жыццё”.
Паводле meduza.io, korrespondent.net