Польскія грошы мадэрнізавалі
Польскі Нацбанк уводзіць у красавіку мадэрнізаваныя банкноты наміналам 10, 20, 50 і 100 злотых. Выявы аверснага і рэверснага бакоў, каляровая гама і памер банкнотаў будуць ранейшымі, апроч 100 злотых. У адрозненне ад купюр узору 1994 году яны стануць на 3 міліметры вузейшымі.
Абарончы комплекс новых польскіх грошай мае некаторыя адрозненні ад старых банкнот. Напрыклад, вадзяны знак размешчаны на незапячатаным полі і апроч партрэту ёсць яшчэ і прасветлены вадзяны знак — лічбавае абазначэнне наміналу. На адваротным баку купюр з’явілася ірыдысцентная лінія, якую можна ўбачыць пры нахіле банкноты.
Старыя банкноты ўзору 1994 года захоўваюць статус законнага плацёжнага сродку.
Адзначым, што Польшча пакуль не спяшаецца далучацца да еўразоны. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца толькі ў 2020-х гадах.