Польшча мае намер прыпыніць адносіны з Венгрыяй

Польшча збіраецца замарозіць адносіны з Венгрыяй, і ўсё праз пазіцыю венгерскага прэм'ера Віктара Орбана. Яго краіна працягвае казаць пра сваё права плаціць за расійскі газ у рублях, нават нягледзячы на папярэджанне кіраўніцы Еўракамісіі пра тое, што гэта будзе парушэннем санкцый, піша «Еўрарадыё».

Віктар Орбан

Віктар Орбан

Да таго ж сам Орбан — вядомы як сябра Расіі. Ён забараніў правоз любой ваеннай тэхнікі для Украіны праз тэрыторыю Венгрыі і настойвае, што ў цесных сувязях з Расіяй ёсць шмат пераваг.

«Калі Орбан кажа, што не бачыў, што адбылося ў Бучы, яму трэба параіць афтальмолага», — заявіў польскі віце-прэмʼер, кіраўнік партыі PiS Яраслаў Качыньскі.

На фоне гэтай заявы Уладзімір Зяленскі распавёў пра тое, што адзін з еўрапейскіх палітыкаў патрабаваў «доказаў» разні ў Бучы. Імя ён не назваў, але шмат хто кажа, што гаворка ідзе менавіта пра Орбана.

9 красавіка ўрад Венгрыі ўжо пачаў апраўдвацца: прэс-сакратар Орбана заявіў, што той асуджае злачынствы ў Бучы і падтрымлівае міжнароднае расследаванне. Але заяву зрабіў не сам Орбан.