Пракурор Кіева заклікаў міліцыю «без ваганняў» выкарыстоўваць зброю супраць тэрарыстаў

Пракурор Кіева Мікалай Герасімюк заклікае праваахоўнікаў «без ваганняў» прымяняць зброю і спецсродкі супраць узброеных правакатараў 9 мая, што прадугледжана Законам «Аб міліцыі».



gerasimjuk_ua.jpg

Як адзначае Герасімюк, па дадзеных сакратара СНБА Андрэя Парубия, ва Украіне плануюцца акцыі сепаратыстаў у 7 абласцях, у прыватнасці ў Кіеве. Такія акцыі ствараюць пагрозу для суверэнітэту дзяржавы, інспіраваныя звонку, не маюць ніякага канструктыўнага складніка, накіраваныя выключна на дэстабілізацыю грамадзкага парадку і зрыў выбарчага працэсу, гаворыцца ў звароце, які атрымала агенцтва УНІАН.

«Забеспячэнне эфектыўнага процідзеяння такім злачынным праявам, а таксама належная каардынацыя намаганняў усіх праваахоўных органаў, фактычна становіцца адзінай прыярытэтнай задачай на дадзены момант», — адзначае пракурор.

Па словах Герасімюка, неабходна звярнуць увагу на два моманты: «Па-першае, мы павінны зрабіць высновы з падзеяў у Адэсе. Праваахоўныя органы не павінны чакаць, калі ўзброеныя правакатары пачнуць з-за спінаў праваахоўнікаў страляць на паражэнне ў мірных грамадзян. Яны павінны прэвентыўна затрымлівацца ў адміністрацыйным парадку яшчэ на падыходах да месца здарэння. Гэта дазволіць сарваць планы дэстабілізацыі, якія, цалкам верагодна, ужо напісаныя і пачынаюць рэалізоўвацца. Па-другое, зараз надыходзіць момант ісціны ў гісторыі нашай дзяржавы, фактычна ідзе вайна, і на фронце штодня гінуць нашы браты».

«Не да разважанняў і сантыментаў. Калі законам « Аб міліцыі» прадугледжана права выкарыстоўваць зброю і спецсродкі, міліцыя павінна іх выкарыстоўваць без ваганняў. Гэта пазіцыя і в.а. генеральнага пракурора, і мая. Больш за тое — гэта патрабаванне закона. Калі ў далейшым будзе неабходна даваць ацэнку дзеянням сілавікоў, менавіта з гэтых пазіцый пракуратура будзе сыходзіць. Гарантую», — заяўляе Герасімюк.