Пуцін і Мядзведзеў вырашылі прыпыніць дапамогу Украіне да фармавання новага ўрада
Расія адновіць наданне Украіне «дапамогі ў фінансавай і энергетычнай сферах» ужо пасля фарміравання ў Кіеве новага ўрада.
Такую прапанову расійскага прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева падтрымаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Сваю прапанову Мядзведзеў агучыў як рэакцыю на даручэнне Пуціна забяспечыць выконанне дамоўленасцяў з Украінай.
Прэм'ер-міністр РФ адзначыў, што гэтую працу можна будзе рабіць «толькі тады, калі будзем разумець, які эканамічны курс будзе ў новага ўрада, хто будзе там працаваць і якіх
правілаў яны будуць трымацца».
«Гэта разумна, — пагадзіўся з ім Пуцін. — Давайце дачакаем фарміравання новага ўрада Украіны».
Як прыклад, Мядзведзеў прывёў свае асабістыя дамоўленасці з экс-прэм'ерам Украіны Мікалаем Азаравым па плацяжах за газ.
Ён нагадаў, што Украіна атрымала грошы і нейкія перавагі, але, нягледзячы на адтэрміноўкі, Украіна і ў гэтым годзе не пачала пагашэння газавай запазычанасці, што складае $2,7 млрд.
«Больш за тое, зноў просіць адтэрміноўку па гістарычнай запазычанасці і не плаціць бягучых плацяжоў», — сказаў Мядзведзеў.
«Гэта значыць, яны не плацяць нават па зніжаных цэнах?» — перапытаў Пуцін.
«Нават па зніжаных цэнах яны нам кажуць, што яны не здольныя плаціць», — пацвердзіў Мядзведзеў.