Расейскія дэпутаты вітаюць ідэю спрашчэння выдачы пашпартоў беларусам

Расейскі ўрад падрыхтаваў законапраект аб спрашчэнні выдачы пашпартоў Расейскай Федэрацыі грамадзянам Беларусі, Казахстану, Малдовы і Украіны.

5ecde41b_abf0_4556_8564_69fda06588b1_w1023_r1_s.jpg

Калі праект будуць разглядаць, невядома. «Вести» сцвярджаюць, што гэта можа адбыцца «да канца лютага 2020 году».
Але абмеркаванні ў СМІ ўжо пачаліся. Так, сенатар Савету Федэрацыі (верхняй палаты парламенту) Сяргей Цекаў заявіў РИА Новости, што ініцыятыву «варта вітаць», бо грамадзяне названых краінаў гэта «блізкія ў менталітэце да расейцаў людзі».
«Усё, што паскарае атрыманне расейскага грамадзянства, а ў РФ едуць у асноўным нашы суайчыннікі, можна толькі вітаць», – сказаў Цекаў, адзначыўшы, што спрашчэнне атрымання пашпартоў «збліжае народы».
А кіраўнік камітэту Дзяржаўнай думы (ніжняй палаты парламенту) Леанід Калашнікаў адзначыў, што законапраект «дазволіць вырашыць дэмаграфічную праблему і паспрыяе рэпатрыяцыі». У спіс краінаў, дадаў ён, увайшлі тыя, у якіх пражывае найбольш «суайчыннікаў», і гэты спіс могуць дапоўніць.
Як сцвярджаецца ў расейскіх СМІ, законапраект дазваляе атрымаць расейскі пашпарт, не адмовіўшыся ад другога грамадзянства (у Беларусі двайное грамадзянства не дазволенае і не забароненае). Для атрымання пашпарту, калі праект прымуць, ня трэба будзе жыць на тэрыторыі Расеі цягам пяці гадоў і даказваць належны матэрыяльны стан, а супругам грамадзянаў можна будзе атрымаць расейскае грамадзянства праз год пасля шлюбу (пакуль – праз тры гады).
У канцы студзеня 2020 году МУС Расеі выступіла за адмену спецыяльнай гутаркі для праверкі ведання расейскай мовы пры атрыманні расейскага грамадзянства ўкраінцамі і беларусамі.
Працоўная група па рэалізацыі канцэпцыі дзяржаўнай міграцыйнай палітыкі, якая падрыхтавала згаданыя папраўкі, была створаная ў сакавіку 2019 году распараджэннем прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Задача гэтай групы – прыцягнуць у Расію як мага больш новых грамадзян, ад 5 да 10 мільёнаў.
У ліпені летась Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб пашырэнні спрошчанага парадку атрымання расейскага грамадзянства для ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Раней расейскі пашпарт паводле гэтай працэдуры маглі атрымаць толькі жыхары так званых «ДНР» і «ЛНР».
Урад Украіны прызнаў незаконнымі расейскія пашпарты, выдадзеныя паводле гэтай працэдуры. З аналагічнымі заявамі выступілі ўлады Канады і прадстаўнікі Еўразвязу.
svaboda.org