Расія збіраецца накіраваць захопленых украінскіх маракоў на псіхіятрычную экспертызу

Учора, 5 сакавіка, адбыліся следчыя дзеянні ў дачыненні да трох маракоў Сяргея Цыбізава, Рамана Макрака і Юрыя Без'язычнага.

ТАСС

ТАСС

Захопленых Расіяй украінскіх вайскоўцаў збіраюцца накіраваць на псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Пра гэта паведаміў адвакат Мікалай Полазаў у Facebook.
Паводле яго словаў, 5 сакавіка адбыліся следчыя дзеянні ў дачыненні да трох маракоў Сяргея Цыбізава, Рамана Макрака і Юрыя Без'язычнага.
 «Падчас следчых дзеянняў ваеннапалонныя і іх адвакаты былі азнаёмленыя з пастановай аб прызначэнні амбулаторнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. Па кожным ваеннапалонным абарона заявіла, што трэцяя Жэнеўская канвенцыя ад 1949/08/12 "Аб абыходжанні з ваеннапалоннымі" не прадугледжвае правядзення адносна ваеннапалонных любых псіхолага-псіхіятрычных экспертыз», — паведаміў Полазаў.
Ён дадаў, што, калі гэтую экспертызу ўсё ж правядуць, бок абароны настойвае на забеспячэнні прысутнасці адваката пры яе правядзенні.
Нагадаем, раніцай 25 лістапада 2018 года Расія заблакавала праход да Керчанскага праліву буксіра «Яні Капу» і катэра «Бердянськ» і «Нікополь», якія ажыццяўлялі планавы пераход з Адэсы ў Марыупаль. Пры выхадзе з Керчанскага праліва расійскія караблі адкрылі агонь на паражэнне па ўкраінскіх караблях, якія ўжо вярталіся ў Адэсу, так і не атрымаўшы інфармацыю аб магчымасці праходжання праз праліў.
У палон захапілі 24 украінскія вайскоўцы. Трое з іх атрымалі раненні. Украінцаў абвінавацілі ў незаконным перасячэнні мяжы РФ (ч. 3 арт. 322 КК Расіі, пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў). Усе палонныя былі арыштаваныя так званым «судом» у Крыме, пасля чаго іх адправілі ў маскоўскія СІЗА «Лефортава» і «Матроская цішыня». 26 студзеня трох параненых украінскіх маракоў перавялі з «Матроскай цішыні» у «Лефортава». У студзені Ляфортаўскі райсуд Масквы падоўжыў тэрміны арыштаў захопленым украінскім вайскоўцам да канца красавіка.
unian.net