СМІ Казахстана паказалі відэа «з удзельнікам пагромаў»: гэта вядомы ў Кыргызстане джазавы музыкант

Па словах ягоных сваякоў, мужчыну катавалі і невядома дзе ўтрымліваюць.

Вікрам Рузахунаў

Вікрам Рузахунаў

Улады Казахстана выдалі за пагромшчыка джазавага музыканта з Кыргызстана Вікрама Рузахунава.
СМІ Казахстана апублікавалі відэа, на якім затрыманы сцвярджае, што ён прыляцеў з Кыргызстана для ўдзелу ў мітынгу. Па словах мужчыны, невядомыя людзі аплацілі яму пералёт, размясцілі ў адной з кватэр Алматы і прапанавалі ўдзельнічаць у мітынгу за 200 долараў. Разам з ім у кватэры былі людзі з Узбекістана і Таджыкістана.
Як паведамляе выданне 24.kg, на відэа — кіраўнік джазавага аркестра з Бішкека Вікрам Рузахунаў. Ён таксама з'яўляецца піяністам, аранжыроўшчыкам і выканаўчым дырэктарам фестывалю «Джаз_Бішкек_Вясна».
Па словах ягоных сваякоў, мужчыну катавалі і невядома дзе ўтрымліваюць, яны не могуць да яго датэлефанавацца. Родныя музыкі звярнуліся праз СМІ да кампетэнтных органаў Кыргызстана па дапамогу.