Сотні бежанцаў з «ДНР» усю ноч правялі ў халодных аўтобусах
Больш за тры дзясяткі аўтобусаў з жанчынамі, старымі і дзецьмі ўсю ноч прастаялі ў пасёлку Чырвоны Дэсант Некліноўскага раёна Растоўскай вобласці пасля абвяшчэння эвакуацыі. Пра гэта паведамляе карэспандэнт «Новай газеты» з месца падзей.

Дзеці бежанцаў з «ДНР» у халодных аўтобусах. Фота: «Новая газета»
Першыя аўтобусы з бежанцамі пачалі прыбываць у Растоўскую вобласць яшчэ да паўночы. На памежным пераходзе «Мацвееў Курган» уцекачоў перасаджвалі ў аўтобусы і накіроўвалі ў Неклінаўскі раён, дзе, як чакалася, мусілі быць арганізаваныя пункты часовага размяшчэння.
Аднак па стане на 10 гадзін раніцы 19 лютага сотні людзей, уключаючы грудных дзяцей, працягваюць заставацца ў аўтобусах. Ім не далі гарачага харчавання, санаторыі, дзе планавалася размяшчэнне, закрытыя, уваход ахоўваюць супрацоўнікі паліцыі і МНС.

Бежанцы з «ДНР». Фота: «Новая газета»
Напярэдадні ў Крамлі заявілі, што Растоўская вобласці гатовая да прыёму бежанцаў, губернатар рэгіёна Васіль Голубеў звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай аказаць рэгіёну дапамогу з размяшчэннем. Усім эвакуяваным Пуцін распарадзіўся выдаць па 10 тысяч рублёў.