Што адбываецца ў Данецку? Распавядаюць жыхары горада

У самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» абвешчана эвакуацыя жыхароў у Расію. Праўда, удакладняецца, што яна не тычыцца мужчын прызыўнога ўзросту. Некалькі мясцовых жыхароў распавялі «Новаму Часу» пра тое, што адбываецца ў горадзе проста зараз.

Ілюстрацыйнае фота, korrespondent.net

Ілюстрацыйнае фота, korrespondent.net


Першы суразмоўца кажа, што яшчэ зранку пра магчымую эвакуацыю гаворкі не было. Хаця ўжо тыдзень таму ў горадзе з’явіліся чуткі, што ўсё камандаванне так званых «ДНР» і «ЛНР» адпраўляе свае сем’і ў Расію.
«Пакуль панікі няма, прадукты не разграбаюць. Але заўтра, пэўна, схаджу вадой закуплюся. Святло ёсць, інтэрнэт таксама, таму за навінамі сачу па сацсетках і сайтах. Назіраюцца праблемы з галасавой сувяззю. Узмацнілася страляніна на ўскрайках горада. Кажуць пра вялікія заторы на расійскай мяжы ў бок Растова».
Мужчына кажа, што з’язджаць нікуды не збіраецца. «У шмат каго ёсць досвед 2014 года, калі выехалі на пару месяцаў, памыкаліся, зразумелі, што нікому там не патрэбныя і ніякіх перспектыў няма, і вярнуліся».
Іншы наш суразмоўца ўдакладніў, што ў крамах крокавай даступнасці ўсё спакойна, але ў вялікіх гіпермаркетах кіламетровыя чэргі. Таксама ёсць інфармацыя пра вялікія чэргі на запраўках. Яшчэ людзі кінуліся да банкаматаў, каб зняць грошы, даводзіцца стаяць у чарзе па некалькі гадзін. Але, як распавёў мужчына, жыхары горада не маюць звычкі трымаць грошы на картках, заробак адразу здымаюць наяўнымі. Таму ажыятаж вакол банкаматаў можа быць звязаны і з нейкім масавым пералічэннем грошай працаўнікам прадпрыемстваў.
«Ці будзе сапраўды вайна — адзінага меркавання на гэты конт няма. Але я ведаю, што многія нават з расійскімі пашпартамі кажуць: “Я ваяваць не пайду”», — распавядае жыхар Данецку.
Пры гэтым з'язджаць з горада наш суразмоўца таксама не плануе, нягледзячы на тое, што ў Данецку на гэты конт проста зараз распачалася вялікая інфармацыйная кампанія, улёткі з адрасамі эвакуацыйных пунктаў развешваюць ці не на кожным слупе. «Куды ехаць? У поле? Нам сказалі, што створаны ўмовы, а якія ўмовы? А да страляніны мы за восем гадоў ужо прызвычаіліся».
Але не выключае, што частка гараджан можа пагадзіцца на эвакуацыю і дзеля таго, каб атрымаць абяцаныя Пуціным 10 000 рублёў «пад’ёмных» з рэзервовага фонду.