Суд Чарнагорыі назваў двух расіян ініцыятарамі дзяржперавароту ў краіне

Суд у Чарнагорыі 6 верасня назваў двух расійскіх прадстаўнікоў спецслужбаў галоўнымі арганізатарамі планавання перавароту ў краіне.

Паліцыя каля будынку суда ў Падгорыцы, 6 верасня 2017 года

Паліцыя каля будынку суда ў Падгорыцы, 6 верасня 2017 года


Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода".
Судовы працэс над 14 падазраванымі па справе планавання перавароту ў Чарнагорыі пачаўся ў Падгорыцы 19 ліпеня. Аднак яго амаль адразу спынілі з-за таго, што абарона запатрабавала адхіліць пракурораў па гэтай справе.
Падсудным інкрымінуюць "стварэнне крымінальнай арганізацыі" з мэтай падарваць канстытуцыйны лад Чарнагорыі і перашкодзіць уступленню краіны ў NATO. Так, па дадзеных пракуратуры, двое згаданых расіян з'яўляюцца аператыўнымі работнікамі ваеннай разведкі Крамля. Іх таксама абвінавачваюць у тэрарызме.
Мужчын ідэнтыфікуюць як Эдуарда Шышмакова і Уладзіміра Папова, іх абвінавачваюць у арганізацыі і каардынацыі спробы бунту з суседняй Сербіі.
Грамадзяне Расіі знаходзяцца ў вышуку, іх судзяць завочна. Суд у Чарнагорыі 8 чэрвеня пацвердзіў абвінавачванні супраць 14 падазраваных у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Сярод абвінавачаных, акрамя двух расіян, якіх судзяць завочна, таксама двое прарасійскіх апазіцыйных лідараў Чарнагорыі — Андрэй Мандзіч і Мілан Княжэвіч, дзевяць сербаў і яшчэ адзін грамадзянін Чарнагорыі.
Андрэй Мандзіч і Мілан Княжэвіч падазраюцца ў арганізацыі злачыннай групы, якая, па дадзеных пракуратуры Чарнагорыі, планавала зладзіць беспарадкі, захапіць дзяржустановы і забіць тагачаснага прэм'ера Міла Джуканавіча пасля заканчэння галасавання на выбарах 16 кастрычніка 2016.
Мандзіч і Княжэвіч называюць абвінавачванні супраць іх «фікцыяй».
Расея адмаўляе сваю датычнасць як дзяржавы ў гэтай спробы перавароту, але актыўна падтрымлівае мясцовыя групы, якія выступалі супраць уступлення Чарнагорыі ў NATO.
Суд па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Чарнагорыі перанеслі на 6 верасня 2017 года. Адзначана, што адвакаты з боку абароны некалькі разоў хадайнічалі з патрабаваннем даць ім больш часу на падрыхтоўку. Суд перанеслі на верасень, каб не парушаць права на абарону. Раней, у лютым 2017 года пракуратура Чарнагорыі атрымала інфармацыю аб дачыненні расіян да падрыхтоўкі перавароту пры дапамозе "разведвальных службаў прыязных краін", у тым ліку ЗША і Вялікабрытаніі.  Спецслужбы ЗША і Вялікабрытаніі, якія аказвалі дапамогу чарнагорскім калегам, сабралі дастаткова доказаў таго, што пераварот рыхтаваўся пры актыўным удзеле Расіі: гаворка ідзе пра перахопленыя тэлефонныя размовы, электронную перапіску і іншыя сведчанні.
Чарнагорыя стала 29-м сябрам NATO на цырымоніі ў Вашынгтоне 5 чэрвеня.