Сума дня. Бельгія замарозіла больш за 50 мільярдаў еўра расійскіх актываў

Улады Бельгіі замарозілі каля 50,5 млрд еўра актываў, якія належаць расійскім фізічным асобам, кампаніям або арганізацыям, якія трапілі пад санкцыі Еўрасаюза пасля ўварвання РФ ва Украіну. Пра гэта распавёў выданню De Tijd прадстаўнік Міністэрства фінансаў Бельгіі Фрэнсіс Адзінс.

1645896449_4652.webp

Апошні раз Бельгія публікавала інфармацыю аб замарожаных расійскіх актывах у сакавіку. Тады яны заблакавалі 3,5 мільярда еўра, што амаль у 15 разоў менш, чым цяпер.

Бельгія, у прыватнасці, замарозіла наяўныя грошы і акцыі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі. Яны належаць 1129 фізічным асобам і 110 кампаніям з РФ. У Мінфіне Бельгіі адмаўляюцца называць, каму належаць заблакаваныя актывы.

«Мы можам сказаць толькі тое, што замарозілі вялікія сумы актываў асобам, якія былі ў апошніх хвалях санкцый», — распавёў Адзінс.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб шостым і сёмым пакетах.

Ад пачатку вайны ў ЕС блакуюць расійскія актывы. Таксама гучаць галасы, каб накіраваць гэтыя сродкі на дапамогу Украіне, але пакуль такое рашэнне не прынятае.