Швейцарыя запатрабавала зняць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі з вышэйшых пасад у спорце

МАК пакуль не адрэагаваў на гэтую заяву, паведамляе «Свабода».

szvejcaryja.jpg

З-за вайны супраць Украіны больш недастаткова проста адхіляць расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў, заявіла міністар абароны, абароны насельніцтва і спорту Швейцарыі Віёла Амхерд у лісце прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасу Баху.
Віёла Амхерд лічыць, што МАК павінен садзейнічаць зняццю беларускіх і расійскіх чыноўнікаў з вышэйшых пасад у міжнародных федэрацыях па відах спорту. Штаб-кватэры многіх з іх знаходзяцца ў Швейцарыі, агулам некалькі дзясяткаў.
Паводле слоў кіраўніка аддзелу камунікацый і сувязяў з грамадскасцю спартовага ведамства краіны Крыстафа Ляўэнэра, Швейцарыя, выступіўшы з гэтай заявай, «заняла зусім ясную пазіцыю». Аднак, прызнаў ён, міжнародныя спартовыя федэрацыі «арганізаваныя ў рамках прыватнага права». Гэта азначае, што ўлады не маюць права ўмешвацца ў іх працу.
У той жа час МАК, лічыць Ляўэнэр, «мае ў сваіх руках значна больш эфектыўныя сродкі і пры неабходнасці можа выключыць тыя ці іншыя федэрацыі з міжнароднай алімпійскай сям’і».
Алімпійскі камітэт Швейцарыі, падтрымліваючы пазыцыю свайго ўрада, заявіў праз прэс-сакратара Аляксандра Вэфлера, што «многія міжнародныя спартовыя чыноўнікі маюць куды больш шчыльныя сувязі з рэжымамі ў Маскве і Мінску, чым простыя спартоўцы».
МАК пакуль не адрэагаваў на гэтую заяву.
У сакавіку 2022 года група з прыкладна 30 краін, у тым ліку Швейцарыя, падпісалі петыцыю, якая заклікае міжнародныя спартовыя федэрацыі прыняць «эфектыўныя санкцыйныя меры ў адносінах да Расіі і Беларусі».