Такаеў адправіў у адстаўку ўрад Казахстана на фоне пратэстаў

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на фоне пратэстаў у краіне адправіў у адстаўку ўрад. Выконваць абавязак прэм'ер-міністра замест Аскара Маміна будзе Аліхан Смаілаў.

tokaev.jpg


На нарадзе Такаеў паведаміў, што Аскар Мамін падаў прашэнне аб адстаўцы. Яна была прынятая. Члены ўрада працягнуць выконваць абавязкі да фарміравання новага складу. Яго галоўнай задачай стане стрымліванне інфляцыі, піша REFORM.by.

Такаеў усклаў віну за пратэсты на ўрад, у прыватнасці Мінэнерга, кампаніі «Казмунайгаз» і «Казакгаз», якія дапусцілі павышэнне коштаў на газ. У прыватнасці было паказана на затрымку будаўніцтва завода па вытворчасці звадкаванага газу ў пратэсным рэгіёне, праблемы з рэфармаваннем газавай галіны.

Ён таксама заявіў аб паступовай стабілізацыі сітуацыі ў Алматы і Мангістаўскай вобласці, дзе ўведзена надзвычайнае становішча. Такаеў даручыў увесці рэгуляванне цэн на звадкаваны газ. Яны павінны быць не вышэй мінулага года, пераход на біржавыя прынцыпы гандлю газам адкладаецца на год. Акрамя таго, уведзена дзяржрэгуляванне коштаў на бензін і дызельнае паліва. Таксама мясцовыя ўлады змогуць рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары, мяркуецца разгледзець увядзенне паўгадавога мараторыя на павышэнне тарыфаў на ЖКП і пытанне субсідавання арэнднай платы на жыллё, будзе створаны фонд для вырашэння пытанняў аховы здароўя.

Такаеў таксама зрабіў кадравыя перастаноўкі ў дзяржсакратарыяце і Камітэце нацыянальнай бяспекі Казахстана. Дзяржсакратаром прызначаны памочнік прэзідэнта Ерлан Карын, а іншы памочнік Мурат Нуртлеу стаў першым намеснікам старшыні КНБ.