«Анархісты-тэрарысты»: справа была заказаная на самым высокім узроўні

«З мяне пачалі сцягваць майткі, я ляжаў уніз жыватом, яны спрабавалі падлучыць правады да палавых органаў. Я пачаў крычаць і прасіць спыніць здзекі нада мной», — затрыманыя анархісты заяўляюць пра катаванні. ФСБ кажа, што выкрыла групоўку анархістаў-тэрарыстаў, якія рыхтавалі «ўзброенае паўстанне»...

_zarisovki_.jpg


Першыя затрыманні па гэтай справе адбыліся яшчэ ў кастрычніку 2017-га ў Пензе. Але грамадскасці пра гэта стала вядома толькі ў студзені, калі пачаліся затрыманні ў Санкт-Пецярбургу і вобшукі ў Маскве. Партал «Republic» і судовыя прэс-службы паведамілі, што ў некалькіх гарадах затрымалі сябраў тэрарыстычнай групоўкі «Сетка», якая планавала ў выпадку пачатку масавых беспарадкаў у Расіі ліквідаваць мясцовыя ўлады шляхам тэрарыстычных актаў, «уступіць у баявыя сутыкненні з супрацоўнікамі сілавых структур» і ўсталяваць «анархічную дзяржаву» (узровень ведаў сілавікоў аб анархізме адразу робіцца бачны — прым М.Д.). Ячэйкі «Сеткі» нібыта дзейнічалі ў Маскве, Піцеры, Пензе і нават у Беларусі.  
Расійскі партал «Медыязона» прыводзіць дадзеныя адвакацкага апытання Дзмітрыя Пчалінцава, якога называюць лідарам групоўкі. Дзмітрый быў жорстка затрыманы 27 кастрычніка каля свайго дома ў Пензе людзьмі ў цывільным, якія яго адвезлі ў СІЗА ў будынак УФСБ. Вось вытрымкі:

«28 кастрычніка 2017 года, калі я быў заключаны пад стражу па рашэнню суда [...] прыкладна ў 16 гадзін я знаходзіўся ў адзіночнай камеры 5.1. Да мяне зайшлі cпецназавец, старшы змены і маёр УФСВП (Управы федэральнай службы выканання пакаранняў — аналаг беларускай ДВП, — прым М.Д.), яны сказалі мне выйсці з камеры і прайсці ў карцар, што знаходзіцца побач. Я так і зрабіў. У гэтае памяшканне адразу зайшлі 6-7 чалавек, палова з іх была ў форменнай вопратцы, камуфляжы тыпу «мультыкам», іншыя былі ў цывільным. Яны пачалі ўказываць мне, што мне трэба зрабіць, я выконваў каманды. Распрануўся да майткоў, сеў на лаўку, адвёў рукі назад, галаву нахіліў. Напачатку я думаў, што гэта нейкая неабходная працэдура агляду, якая абавязковая для ўсіх, хто паступіў у СІЗА, таму падпарадкоўваўся. Затым скотчам яны ззаду звязалі мне рукі, таксама прывязалі ногі да ножкі лавы, у рот мне паклалі кавалак марлі.

У аднаго з іх рукі былі ў медыцынскіх гумавых пальчатках, ён дастаў дынама-машыну і паставіў на стол, канцалярскім нажом зачысціў два правады, сказаў мне, каб я адтапырыў вялікі палец нагі. Другі намацаў пульс на маёй шыі, у далейшым ён рабіў гэта не раз. Ён кантраляваў мой стан. Ён здзівіўся, што пульс роўны і ў мяне няма хвалявання — гэта было ад таго, што я напачатку не разумеў, што адбываецца.
Потым чалавек у пальчатках пачаў круціць ручку «дынама-машыны». Ток пайшоў да кален, у мяне пачалі скарачацца цягліцы, мяне ахапіў боль, я стаў крычаць, біцца спіной і галавой аб сцяну, між голым целам і каменнай сцяной яны падклалі куртку. Усё гэта працягвалася прыкладна 10 секунд, але падчас катавання мне гэта падалося вечнасцю.


Адзін з іх пачаў размаўляць са мной. Даслоўна ён сказаў: «Слова «не», «не ведаю», «не памятаю», ты павінен забыцца, ты мяне зразумеў?» Я адказаў: «Так». Ён сказаў: «Правільны адказ, малайчына, Дзімачка». Пасля мне ў рот ізноў засунулі марлю і па тры секунды чатыры разы катавалі токам. Потым мяне кінулі на падлогу... З мяне пачалі сцягваць майткі, я ляжаў уніз жыватом, яны спрабавалі падлучыць правады за палавыя органы. Я пачаў крычаць і прасіць спыніць здзекі нада мной.

Яны пачалі дзяўбсці: «Ты лідар». Каб яны спынілі катаванні, я адказваў «Так, я лідар». «Вы збіраліся ладзіць тэрарыстычныя акты». Я адказваў: «Так, мы збіраліся ладзіць тэрарыстычныя акты». Адзін з тых, хто вымяраў мой пульс на шыі, апрануў сваю балаклаву на галаву мне, каб я іх не бачыў. У адзін з момантаў я страціў свядомасць на некаторы час. Пасля таго як яны сышлі, у памяшканне зайшоў УФСВПшнік і сказаў мне, каб я апрануўся, ён адвёў мяне ў адзіночную камеру.

[...] каб катаванні не працягваліся, я разбіў бачок ад унітаза і аскепкамі парэзаў сабе рукі і шыю. Было шмат крыві ад парэзаў на адзенні, на падлозе, я ўпаў на падлогу. Па відэаназіранню, усталяванаму ў камеры, напэўна, яны ўбачылі мае дзеянні. У камеру зайшлі супрацоўнікі СІЗА і аказалі мне медыцынскую дапамогу. Потым да мяне прыходзіў псіхолаг СІЗА — Вера Уладзіміраўна. [...] Затым да дзвярэй маёй камеры падышоў лейтэнант УФСВП. Я напісаў на аркушыку, звяртаючыся да яго: «Я магу быць тут у бяспецы?». Ён буйнымі літарамі напісаў «Так». Пасля гэтага я паказаў яму на грудзях і на жываце велізарны сіняк, даў зразумець, што мяне катавалі. Праз некаторы час ён адкрыў дзверы камеры і ў яе забеглі чатыры чалавекі ў арыштанцкай робе, пад гэтай робай тапырылася цывільная вопратка, усе яны былі «мешкаватыя». [...]

Забегшы, яны пачалі біць мяне рукамі і нагамі па жывату, ныркам, галаве. Ад гэтых удараў у мяне былі раны і сінякі. Яны білі так, як у спартзале, каб было меней слядоў. Мне яны паведамілі, што з «блат-камітэту», і што з-за мяне ім перакрылі кісларод. Што яны мне даюць адзін тыдзень, каб я вырашыў праблему з «мусарамі», і калі не вырашу, мяне «апусцяць». Усё гэта адзін з іх здымаў, рабіў відэазапіс на смартфон. За дзвярыма ўвесь гэты час знаходзіўся УФСВПшнік. Чацвёра ФСБшнікаў з «блат-камітэта» сышлі. У далейшым некаторых з іх я таксама пазнаваў — яны суправаджалі і канваявалі мяне. Потым вярнуўся старэйшы змены, капітан. Я яму сказаў «Як вам можна верыць, калі толькі што да мяне ў камеру заходзілі ФСБшнікі і збілі мяне?» Ён зрабіў збянтэжаны выгляд.

Пасля таго, як я зрабіў спробу суіцыду, ускрыў сабе вены, мяне паставілі на спецыяльны ўлік у СІЗА, кайданкі мне не здымаюць нават калі я падпісваю пратаколы...»
Цалкам пра катаванні і паказанні абвінавачанных можна пачытаць тут.

fcf22daf6f8c5cec9df988353a4d2623_1400x850.jpeg

e2ab89760aea3542c9bc0c25bd4095eb.jpeg

Ілля Капусцін з Санкт-Пецярбурга быў захоплены сілавікамі ў масках 25 студзеня. Яго катавалі электратокам. Фота zona.media
Агулам аб катаваннях заявілі чацвёра абвінавачаных, двое з Пензы і двое з Санкт-Пецярбургу. Што цікава, як у Пензе, так і ў Піцеры выкарыстоўвалася катаванне токам, і ў першыя дні пасля затрымання каты не звярталі ўвагі на магчымыя сляды ад збіццяў. Затое пазней пачалі біць так, каб не заставалася слядоў. Усё гэта наводзіць на думку, што падсудных у Пензе і ў Санкт-Пецярбургу катавала адная і тая ж «брыгада» — магчыма, нават спецыяльна абучаная для такой мэты група чэкістаў.
Тым часам справа стала рэзананснай: пра яе актыўна пішуць расійскія праваабарончыя рэсурсы (ОВД-Інфо, Медыязона), акцыі салідарнасці з затрыманымі ўжо прайшлі ў Піцеры, Екацерынбургу, Кракаве, Варшаве, Нью-Ёрку.

photo_2018_02_07_23_04_27.jpg

piket_piter_penzenskoye_delo.jpg

Пікеты ў Санкт-Пецярбургу ў падтрымку затрыманых анархістаў. Фота avtonom.org
Дык што ж гэта за таямнічыя анарха-тэрарысты, якія не зрабілі аніводнага тэракту? Наколькі можна верыць абвінавачанням чэкістаў, і што стаіць за атакай ФСБ на анархісцкі рух? Пракаментаваць справу «Сеткі» НЧ папрасіў расійскага анархіста і журналіста Аляксандра Літога.
— ФСБ кажа, што абвінавачаныя рыхтаваліся да тэрарыстычных актаў, называе юнакоў тэрарыстамі. Наколькі такое абвінавачанне выглядае праўдападобным?
— Пакуль аб справе вядома вельмі няшмат. Быў адзін зліў матэрыялаў у выданні Republic, заява аб'яднанай прэс-службы пецербургскіх судоў. Афіцыйных заяў ФСБ пакуль не было. Хаця вядома, што справа заведзеная за стварэнне тэрарыстычнай супольнасці. Што сабрана ФСБ, мы ў поўным аб'ёме пакуль не ведаем. З таго, што ўсплывала, магчыма, гаворка ідзе аб вынятых пры незразумелых абставінах у Пензе пісталеце, гранатах, магчыма, аўтамаце і кампанентах для выбухоўкі. І атрыманыя пад катаваннямі паказанні пра тое, што пензенцы гулялі ў страйкбол з анархістамі з іншых гарадоў і абмяркоўвалі перспектывы анархісцкага руху. У расійскіх судах, канешне, многае можа «пракаціць», але калі ў ФСБ рэальна больш нічога няма, публічна прадставіць гэтых людзей тэрарыстамі ім будзе няпроста.
Абвінавачаныя заявілі аб катаваннях. Вы, як журналіст, які мае дачыненне да выкрыцця злоўжыванняў паліцыі (Аляксандр працуе ў праваабарончым партале ОВД-Инфо), як ацэньвацеце гэтыя заявы?
— Гэтыя заявы вельмі праўдападобныя. Па Піцеры ўсё ўжо наўпрост зафіксавана ГНК (Грамадская назіральная камісія — афіцыйны орган грамадзянскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі ў Расіі — М.Д.). Амаль па ўсіх гісторыях, дзе ёсць тэрарызм у Расіі, ёсць сведчанні аб катаваннях. Гісторыя з Піцерам шакавала многіх у Расіі, але катаванні 23-гадовага рускага праграміста сталі магчымы таму, што ў ФСБ на канвеер пастаўленыя катаванні кіргізаў, узбекаў альбо таджыкаў (таксама па падазрэннях у тэрарызме), якія ўбольшасці выпадкаў увогуле не вядомыя праваабаронцам.
— Многія ўжо паспяшаліся звязаць гэтае «выкрыццё тэрарыстаў» з хуткімі выбарамі ў Расіі. Ці есць тут сувязь?
— Наконт выбараў — невядома. Больш верагодна, што ў Пензе па нейкіх прычынах за гэтымі хлопцамі ФСБ даўно сачыла і вырашыла прыхапіць і зляпіць з іх ячэйку «рэвалюцыі» імя Вячаслава Мальцава (расійскі нацыяналістычны палітык, які назначыў «рэвалюцыю ў Расіі» на 5 лістапада і з'ехаў у Францыю — М.Д.). На гэта ўказвае тое, што пензенцы называюцца «ячэйкай 5.11». Па ўсёй Расіі больш за 30 чалавек зараз у СІЗА з-за гэтага лайна. Пра многіх людзей увогуле нічога не вядома. Есць падазрэнне, што многіх таксама ФСБ прымала для справаздачнасці «па 5 лістапада».
— Шэраг затрыманых належыць да анархісцкага руху, некаторых у прэсе называюць антыфашыстамі. Як анархісцкі рух адрэагаваў на гэтую справу?
— Ідзе збор грошай, акцыі салідарнасці, праца са СМІ і праваабаронцамі. Але гэта зараз. Калі справа пачыналася напрыканцы кастрычніка — фактычна, ніяк. Тое, што пензенцы амаль тры месяцы былі ў СІЗА без нармальнай падтрымкі і пад жорсткімі катаваннямі, у шмат чым следства дрэннага стану анарха-руху ў агульным. У Расіі разбураная сістэма абмену інфармацыяй між анархістамі. Да пачатку студзеня за межамі Пензы ўвогуле не было інфармацыі аб тым, што там адбываецца.
Як справа будзе далей развівацца? Могуць яшчэ кагосьці забраць, могуць асудзіць тых, хто ўжо сядзіць. А могуць спусціць на тармазах і адпусціць з улікам таго тэрміну, што яны ўжо правялі за кратамі. Незразумелая іх доказная база, і наколькі гэта падтрымліваецца федэральным кіраўніцтвам ФСБ.
***
Скаргі абвінавачаных ігнаруюцца, як і няма публічнай рэакцыі сілавікоў на абвінавачанні ў катаваннях. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што справа была «заказаная» на самым высокім узроўні, а яе выканаўцам быў дадзены карт-бланш на любыя дзеянні ў дачыненні да «тэрарыстаў». Цалкам магчыма, што ва ўмовах сацыяльнай напружанасці і пагаршэння матэрыяльнага становішча расейцаў улада спяшаецца як мага хутчэй і эфектыўней расправіцца з любымі радыкаламі.