Тысячы людзей выйшлі на пратэстны марш у Будапешце
Пратэстоўцы выступаюць супраць планаў урада Венгрыі зачыніць Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт.

Будапешт. Фота REUTERS
У Будапешце тысячы чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць палітыкі кіруючай нацыяналістычнай партыі "Фідэш".
Гэта ўжо не першая дэманстрацыя супраць планаў урада закрыць Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт, а таксама абцяжарыць працу грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць бежанцам.
Каля чатырох тысяч чалавек са сцягамі Венгрыі і Еўрасаюза перайшлі праз Дунай па мосце Свабоды. Да іх пачалі далучацца іншыя ўдзельнікі, і да моманту, калі пратэстоўцы дайшлі да будынка парламента, натоўп разросся прыкладна да 10 тысяч чалавек.
Рэгулярныя дэманстрацыі супраць палітыкі кіруючай партыі доўжацца ўжо шэсць тыдняў, пры гэтым Еўрапейская камісія і Еўрапейскі парламент, падобна, губляюць цярпенне ў дачыненні да ўрада Віктара Орбана.
Канстытуцыйны суд Венгрыі неўзабаве павінен разгледзець законапраект, паводле якога Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт фактычна павінен будзе спыніць сваю працу ў Венгрыі.
У пятніцу прэм'ер-міністр Віктар Орбан заявіў, што адменіць любы закон, які суд прызнае неканстытуцыйным.
Паводле ВВС