У Ісландыі ўшануюць зніклы праз кліматычныя змены ледавік
З-за змен клімату Ісландыя пазбавілася ледавіка Окйёкюдль, даследчыкі вырашылі ўшанаваць яго памяць.
У Ісландыі ў нядзелю, 18 жніўня, адкрыюць мемарыяльную дошку 700-гадоваму глетчару Okjökull, які, паводле ацэнак навукоўцаў, першым у гэтай краіне растаў у выніку змяненняў клімату.
Сімвалічная акцыя праводзіцца па ініцыятыве навукоўцаў з прыватнага амерыканскага Універсітэта Райса (штат Тэхас), дзе ў 2018 годзе знялі дакументальны фільм пра знікненне глетчараў, а таксама шэрагу мясцовых даследчыкаў.
Пасланне нашчадкам
На бронзавай шыльдзе на ісландскай і англійскай мовах выгравіравана «ліст у будучыню».
«Ок — першы ісландскі глетчар, які страціў свой статус. На працягу наступных 200 гадоў усе нашы глетчары, як чакаецца, рушаць услед яго прыкладу. Гэты памятны знак сведчыць пра тое, што мы ведаем, што адбываецца і што трэба рабіць. Толькі вам вядома, ці зрабілі мы гэта», — гаворыцца ў пасланні да нашчадкаў.
Пад тэкстам выбітыя дата — жнівень 2019 — і паказчык 415 ppm CO2, які сведчыць пра тое, што ў траўні гэтага года канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасферы Зямлі ўпершыню ў гісторыі чалавецтва перавысіла 415 частак на мільён — гэта значыць у кожным кубічным метры паветра прысутнічае не менш 415 мл вуглякіслага газу. Аўтарам надпісы на шыльдзе стаў ісландскі пісьменнік Андрэй Снайр Магнасон.
«Смерць» глетчара
Супрацоўнікі ісландскай метэаралагічнай службы яшчэ ў 2014 годзе абвясцілі «смерць» глетчара. У 1890 годзе яго плошча складала 16 квадратных кіламетраў, у 2012 — усяго 0,7 кіламетра.
Пры гэтым пад глетчарам адмыслоўцы звычайна разумеюць рухомую пад уласнай вагой натуральную масу крышталічнага лёду. У выпадку ж з гэтым ледніком рухомасць была цалкам страчаная з-за рэзкага скарачэння яго плошчы.
Разам са стратай статусу Окйёкюдль страціў і частку уласнага імя: слова «йёкюдль» (jökull), якое азначае па-ісландску глетчар, было афіцыйна выключана з назвы, а сама яна скарочана да Ок — такім жа чынам пазначаны, да прыкладу, шчытападобны вулкан, які размяшчаецца непадалёк.
Катастрафічна ці не?
Як перадае шведская штодзённая газета NSD са спасылкай на спецыялістаў Ісландскага метэаралагічнага інстытута, на самай справе для Ісландыі «смерць» Ок — не катастрофа, гэта маленькі глетчар і не грае істотнай ролі. Па звестках на 2000 год у краіне налічвалася крыху больш за 300 ледавікоў.
У кароткатэрміновай перспектыве іх раставанне можа мець нават шэраг плюсаў: у выніку павышаецца ўзровень мясцовых рэк, і гідраэлектрастанцыі змогуць выпрацоўваць больш энергіі, упэўнены навукоўцы. Разам з тым дадзеная тэндэнцыя мяркуе неабходнасць пабудовы новай інфраструктуры, — у прыватнасці, мастоў.
Тым не менш, у доўгатэрміновай перспектыве, знікненне льдоў можа прывесці да катастрафічных наступстваў, у тым ліку, і ў іншых рэгіёнах свету, лічаць эксперты.
У пачатку ліпеня даследчыкі прадставілі прагнозы па барацьбе з глабальным пацяпленнем.
dw.com