У Каталоніі — усеагульны страйк

Пра ўдзел у страйку заявілі футбольныя клубы — «Барселона» і «Жырона».

На вуліцах Барселоны шмат паліцыі. Фота PAP/EPA/Andreu Dalmau

На вуліцах Барселоны шмат паліцыі. Фота PAP/EPA/Andreu Dalmau

У Каталоніі праходзіць усеагульны страйк супраць дзеянняў іспанскай паліцыі.

Усеагульны страйк адбываецца ў аўторак па ўсёй Каталоніі ў знак пратэсту супраць жорсткіх мер, якія прымянілі Нацыянальная паліцыя і Нацыянальная гвардыя ў дзень правядзення рэферэндуму аб незалежнасці на некаторых выбарчых участках, спрабуючы не дапусціць да галасавання.

У сувязі са страйкам будзе ажыццяўляцца мінімальнае абслугоўванне пасажыраў у гадзіну пік раніцай і вечарам на гарадскім транспарце і чыгунцы. Акрамя таго, каталонцы пачалі блакаваць дарогі.

У Барселоне амаль не будзе працаваць грамадскі транспарт — аўтобусы і метро. Улады заявілі, што ў гадзіну пік на лініі выйдзе толькі 25% адзінак транспарту, а прыгарадныя цягнікі на працягу дня выканаюць толькі 30% ад звычайнага абʼёму перавозак. Чыгуначная кампанія “Renfe” адмяніла агулам 151 цягнік далёкага следавання і хуткасных цягнікоў AVE.

Акрамя таго, будзе скарочаная праца персаналу ў аэрапортах. Адзіны аператар аэрапортаў Іспаніі (Aena) рэкамендуе пасажырам звяртацца ў авіякампаніі, каб удакладніць расклад, і загадзя планаваць даезд да аэрапортаў.

Будуць зачыненыя і некаторыя культурныя ўстановы аўтаноміі — музеі, тэатры, выставы. Медыцынскія цэнтры пераносяць візіты і нетэрміновыя аперацыі. Універсітэты таксама далучыліся да страйку.

Пра ўдзел у страйку заявілі футбольныя клубы — «Барселона» і «Жырона».

www.radyjo.net