У Марыупалі расійцы скінулі магутную бомбу на бальніцу. Пад заваламі людзі, у тым ліку дзеці (абноўлена)
У Марыупалі расійскія акупанты скінулі магутную бомбу на лякарню ў раёне завода «Азоўсталь», пад заваламі знаходзяцца блізу 300 чалавек, у тым ліку дзеці.
Пра гэта паведаміў у Facebook народны дэпутат Украіны і
бізнэсовец Сяргей Тарута, піша unian.net.
«Расійскія фашысты скінулі магутную бомбу на бальніцу ў
раёне «Азоўсталі». Паводле маёй інфармацыі, пад заваламі там каля 300
чалавек, сярод іх дзеці. У ацалелай частцы бальніцы былі параненыя абаронцы і
хаваліся марыупальцы з дзецьмі. Таму што ў знішчаным горадзе хавацца больш няма
дзе! Не хапае слоў», — напісаў Тарута.
Палітык нагадаў, што напярэдадні СБУ выклалі перахопленую
размову аднаго з расійскіх вайскоўцаў, у якой гаварылася, што на «Азоўсталь» будуць скідаць трохтонныя бомбы.
«Ты ўяўляеш, які там будзе выбух? А як жа мірныя? — перапытвае жаночы голас. — Загад: раўняць з зямлёй, адказвае орк. — Хто мірныя? Засталіся толькі патрыёты і моцна разумныя», — працытаваў
Тарута перахоплены запіс.
«То «моцна разумныя» — гэта дзеці ў бальніцы
ў раёне «Азоўсталі», на якіх вы скінулі бомбу? За тое, што яны
ўкраінцы? Забойцы. Спыніце генацыд у Марыўпалі! Палітыкі, лідары, людзі свету,
спыніце гэты генацыд!» — заклікаў палітык.
UPD. Пазней дарадца мэра Марыупаля Пётр Адрушчанка абверг інфармацыю пра знаходжанне пад заваламі мірных жыхароў.
«У зоне вакол «Азоўсталі» ўжо даўно ніхто не хаваецца», — заявіў Пётр Андрушчанка.
«Так, Марыупаль, у прыватнасці зона «Азоўсталі», пад шчыльнай бамбардзіроўкай звышцяжкімі бомбамі. Але ў зоне вакол «Азоўсталі» ужо даўно ніхто не хаваецца, асабліва ў зруйнаваным да таго будынку шпіталя», — распавёў дарадца мэра Марыупаля.
Сітуацыя ў Марыупалі: што вядома
Марыупаль з 1 сакавіка знаходзіцца ў аблозе, рускія пастаянна абстрэльваюць яго, спрабуючы ўзяць горад пад свой поўны кантроль.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што ідуць перамовы
для таго, каб дапамагчы ўкраінскім абаронцам у Марыупалі.
Ён заявіў, што знішчэнне ўкраінскіх абаронцаў у Марыупалі
можа паставіць кропку ў мірных перамовах з Расіяй.
17 красавіка Генштаб паведаміў, што войскі РФ, як мяркуецца,
рыхтуюцца да правядзення дэсантнай марской аперацыі ў Марыупалі.
Як паведаміў дарадца мэра Марыупаля Пётр Андрушчанка, у
Марыупалі акупанты б'юць бомбамі па «Азоўсталі», страляюць з
артылерыі і танкаў па жылым сектары Левабярэжнага раёна.