У Расіі выставілі на продаж сяло разам з жыхарамі
Расійскі Следчы камітэт пачаў праверку паведамленняў пра тое, што ў Краснаярскім краі бізнесмен выставіў на продаж сяло, у якім жывуць людзі.
Пра продаж сяла з людзьмі распавёў тэлеканал НТВ. Як паведамлялася, на адным з сайтаў была апублікавана аб'ява з тэкстам: «Прадаецца сяло Васільеўка у добрыя рукі, амаль дарма! Невялікі гандаль дарэчны, абмен не разглядаю!». Калі журналістка па тэлефоне спыталася, «ці ідуць прыгонныя ў прыдачу», прадстаўнікі бізнесмена адказалі, што «людзі — свабодныя», але тым не менш пасля куплі новы ўладальнік зможа рабіць з вёскай усё, што захоча.
Зямля пад Васільеўкай, паведамляе тэлеканал, трапіла ў прыватныя рукі ў 1990-я гады, пасля таго як уладальнік мясцовага будаўнічага камбіната атрымаў яе ў бестэрміновае карыстанне для вытворчасці сельгаспрадукцыі. Пасля гэтага праз суд прыватызаваць свае дамы ўдалося толькі 15 жыхарам сяла.
meduza.io