У Расіі загадкава загінуў заснавальнік ультраправага сайта «Спутник и погром»

Ягор Прасвірын нібыта выпаў з вакна — кажуць, голым.

Ягор Прасвірын. Фота: facebook.com

Ягор Прасвірын. Фота: facebook.com


У Маскве 27 снежня загінуў заснавальнік і былы галоўны рэдактар ультраправага расійскага сайта «Спутник и погром» 35-гадовы Ягор Прасвірын, піша радыё «Говорит Москва» са спасылкай на жонку загінулага. У атачэнні загінулага пацвердзілі яго смерць. Паводле звестак крыніцы ТАСС, ён выпаў з акна жылога дома на Цвярскім бульвары.
Шэраг расійскіх рэсурсаў апісвае непацверджаныя дэталі здарэння: загінулы нібыта быў п’яным, з кватэры даносіліся крыкі, пасля мужчына выкінуў з акна нож і газавы балончык, затым выпаў з акна пятага паверха голым. Перад смерцю нібыта быў у цяжкім псіхалагічным стане.
«Спутник и погром» – заснаваны ў 2012 годзе сайт ультранацыяналістычнага і шавіністычнага напрамку. У канцы 2013 года ў Расі сабраліся прызнаць сайт экстрэмісцкім, але яго ў 2017-м спачатку заблакавалі ў Беларусі (у той час таксама затрымалі і аўтараў праварадыкальнага расійскага сайта «Regnum»), а толькі потым — у Расіі. На момант блакавання яго называлі «адным з галоўных нацыяналістычных рэсурсаў Расіі». Яшчэ ў 2015-м у Прасвірына праводзілі ператрус праз публікацыі на сайце, але ён адмаўляў сваю датычнасць да «Спутника и погрома» (хоць да таго гаварыў ад імя стваральніка сайта). У канцы 2018 года сайт закрылі.