У Расіі заявілі пра знішчэнне «дыверсійнай групы» з Украіны. Украіна абвяргае
Расія паведаміла, што на яе тэрыторыю зайшлі дзве баявыя машыны пяхоты УСУ для эвакуацыі дыверсантаў. Абедзве БМП удалося падбіць. Аднак Украінскі бок гэтую заяву абвяргае.
Як перадае РІА «Новости», расійскія вайскоўцы і памежнікі прадухілілі парушэнне дзяржаўнай мяжы групай дыверсантаў з тэрыторыі Украіны.
Інцыдэнт нібыта адбыўся каля 06:00 у раёне станіцы Міцякінскай у Растоўскай вобласці.
Паведамляецца, што падчас перастрэлкі на тэрыторыю Расіі зайшлі дзве баявыя машыны пяхоты Узброеных сіл Украіны для эвакуацыі дыверсантаў. Абедзве БМП удалося падбіць. Пяцёра ўдзельнікаў групы знішчаныя, сярод расійскіх ваенных пацярпелых няма.
У сваю чаргу, міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба катэгарычна абвяргае гэта, піша Укрінформ.
"Катэгарычна абвяргаю дэзінфармацыю РФ. Украіна: не нападала на Данецк, Луганск, не пасылала дыверсантаў або БТР праз мяжу, не абстрэльвала тэрыторыю РФ або КПП на мяжы, не здзяйсняла дыверсій", — адзначыў Кулеба.
Ён дадаў, што Украіна не плануе такія дзеянні.