У Расіі западозрылі экстрэмізм у фрагменце з «Нязнайкі» пра паліцыю
Жыхара расійскага Краснадару Міхаіла Малахава выклікалі ў пракуратуру для дачы паказанняў у сувязі з публікацыямі ў ягонай суполцы «УКантакце».
Як Малахаў тлумачыць TJournal, ва ўрыўку з кнігі «Нязнайка на Месяцы» пабачылі распальванне нянавісці да праваахоўнікаў.
Суполка Міхаіла Малахава «Радикальные мечтатели» налічвала менш за тры сотні падпісантаў. Пост з урыўкам з кнігі быў апублікаваны яшчэ 28 сакавіка, затым паўторна, з іншай выявай, — 10 жніўня, але з пракуратуры да аўтара, як ён кажа, звярнуліся па тэлефоне толькі 6 кастрычніка.
Таксама пракуратура, як сцвярджаецца, звярнула ўвагу на пост, што пачынаецца словамі «Расія, ты здурнела», дзе аўтар разважае, што Расія ваюе ў Сірыі не толькі супраць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», але і супраць усіх ворагаў кіраўніка краіны Башара Асада, якога аўтар назваў «дыктатарам».
У пракуратуры, як Малахаў расказвае «Открытой России», заявілі, што на суполку паступіла скарга, але ад каго, не ўдакладнілі. Рашэнне ў справе будзе прынятае пасля лінгвістычнай экспертызы. Сам Малахаў пакуль толькі збіраецца пайсці ў пракуратуру і плануе зрабіць гэта ў суправаджэнні адваката. Ён падазрае, што скарга можа быць звязаная з тым, што раней ён на камерцыйнай аснове вёў суполкі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», але цяпер перайшоў на «другі бок».
Расійская міліцыя пакуль ніяк не каментавала заяваў Малахава.
У Расіі экстрэмістам можа стаць Пятачок, у Беларусі — прэс-фота гэта экстрэмізм
Расіян раней не раз судзілі за публікацыі ў сацсетках: напрыклад, дырэктарцы маскоўскай «Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры» прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ўмоўна з улікам году і 7 месяцаў, што яна ўжо правяла пад хатнім арыштам, за распаўсюд «русафобскіх» матэрыялаў, у лік якіх трапіла ўкраінская дзіцячая кніжка «Барвінок».
У Расіі таксама існуе спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, у якім сярод іншага ёсць выява героя «Віні-Пыха» Парсючка з подпісам «Кажется, бунт начинается». У аналагічным беларускім спісе ёсць у тым ліку відэа канцэрту «Салідарныя з Беларуссю», фільм «Урок беларускай мовы» пра Коласаўскі ліцэй, альбом «Прэс-фота Беларусі 2011» і відэа скокаў пад крыкі «Хто не скача — той маскаль» на Дні Волі–2015.