У РФ жалезная заслона? Выехаць з Расіі нельга, хоць COVID-абмежаванні знялі

Улады РФ заявілі, што скасаванне COVID-правілаў не закранула дазволу на выезд з Расіі. Ва ўрадзе адзначылі, што паведамяць, калі вырашыць зняць COVID-абмежаванні на выезд.

627053.jpg

Расспажыўнагляд адмяніў усе абмежаванні, звязаныя з COVID, аднак пастанова аб забароне на выезд праз аўтамабільныя, чыгуначныя і іншыя памежныя пункты засталася ў сіле. І пакуль урад РФ не збіраецца здымаць абмежаванняў на выезд з Расіі праз сухапутныя мяжы.

«Аб унясенні змяненняў у распараджэнне ўрада <...> будзе паведамлена дадаткова, калі такія рашэнні будуць прынятыя», — удакладнілі журналістам РБК у прэс-службе кабінета міністраў.


Нагадаем, у Расіі дзейнічае распараджэнне ўрада ад 27 сакавіка 2020 года, выпушчанае ў перыяд пандэміі. Дакумент абмежаваў выезд з краіны праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і змешаныя пагранпункты. Перасекчы мяжу наземным шляхам могуць толькі тыя, хто ідзе ў Абхазію, Беларусь, Казахстан, Паўднёвую Асецію, Манголію, Кітай, Грузію ды так званыя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі.

Выехаць можна таксама для догляду за хворым сваяком або на пахаванне ў сувязі з яго смерцю (пры прад'яўленні дакументаў) і да месца, дзе пражываюць сямейнікі. Могуць выпусціць з РФ за мяжу для лячэння, на працу ці вучобу.

Зрэшты, кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў літаральна ўчора, 30 чэрвеня, заявіў, што жалезная заслона паміж Расіяй і Захадам ужо апускаецца.