У Турцыі выдадзены ордэры на арышт больш за 100 універсітэцкіх выкладчыкаў
Пракуратура Турцыі атрымала ад суда ордэры на затрыманне 103 супрацоўнікаў ВНУ. Адной з падстаў да затрымання была наяўнасць на іх мабільных тэлефонах праграмы Bylock, якую мяцежнікі падчас спробы дзяржаўнага перавароту выкарыстоўвалі для зносін паміж сабой.
Паліцыя Стамбула ў пятніцу, 18 лістапада, затрымала 70 супрацоўнікаў Тэхнічнага універсітэта Йылдыз па падазрэнні ў сувязях з арганізацыяй ісламскага прапаведніка Фетхулаха Гюлена.
Падраздзяленні аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю стамбульскага Упраўлення бяспекі раніцай у пятніцу правялі рэйды ва ўніверсітэце і па месцах жыхарства выкладчыкаў ВНУ. Сярод затрыманых ёсць прафесары, дацэнты, іх намеснікі і чальцы даследчых аддзелаў універсітэта. Усяго ж пракуратура атрымала ад суда ордэры на затрыманне 103 супрацоўнікаў ВНУ, паведамляе ТАСС.
Усе затрыманыя прайшлі медыцынскі агляд і дастаўленыя на допыт ва Упраўленне бяспекі. Адной з падстаў да затрымання была наяўнасць на іх мабільных тэлефонах праграмы Bylock, якую мяцежнікі падчас перавароту 15 ліпеня выкарыстоўвалі для зносін паміж сабой, паколькі яна надзейна шыфруе дадзеныя.
Затрыманні прайшлі ў рамках расследавання дзейнасці "Тэрарыстычнай арганізацыі фетхулахістаў". Так у Турцыі называюць шэраг арганізацый, якія звязаны Фетхулахам Гюленам, што з 1999 года пражывае ў ЗША. Гюлена і яго прыхільнікаў Анкара абвінавачвае ў непасрэдным дачыненні да спробы путчу 15 ліпеня. Мяцеж зладзіла група салдат і афіцэраў Турцыі.
У канцы ліпеня ў рамках мер процідзеяння дзейнасці "Тэрарыстычнай арганізацыі фетхулахістаў" ўлады Турцыі ў заканадаўчым парадку закрылі некалькі тысяч арганізацый, нібы звязаных з "фетхулахістамі", а таксама правялі маштабную чыстку дзяржапарату і арміі, якая працягваецца да гэтага часу.
Амаль сто тысяч дзяржслужачых у розных структурах па ўсёй краіне апынуліся звольненымі або адхіленымі да заканчэння расследавання.