У сталіцы Аўстраліі ўзброены мужчына з ісламісцкім сцягам захапіў у кавярні закладнікаў

Па меншай меры адзін узброены мужчына ўзяў у закладнікі некалькіх чалавек у кавярні ў Сіднэі, Аўстралія.



reports_of_hostages_held_in_sydney_cafe_islamic_flag_seen_in_window.jpg

Сотні ўзброеных паліцэйскіх атачылі цэнтральны дзелавы раён Сіднэя, дзе размешчана кавярня.
Прадстаўнікі кавярні заяўляюць, што ўнутры могуць быць каля дзесяці работнікаў і 30 наведвальнікаў.
Па меншай меры тры чалавекі бачылі ў кавярні — яны былі ў вокнаў з узнятымі рукамі і трымалі чорны сцяг з арабскім надпісам.
Карэспандэнт ВВС па бяспецы Фрэнк Гарднер адзначыў, што сцяг падобны, але не зусім такі, як у «Ісламскай дзяржавы».
Аўстралійская паліцыя паведаміла, што ёй удалося ўсталяваць кантакт з узброеным мужчынам. Прэс-сакратар паліцэйскага ўпраўлення Кэтрын Бэрн не казала аб магчымых прычынах дзеянняў нападніка.
Эндру Скіпіонэ, кіраўнік паліцыі штата Новы Паўднёвы Уэльс, паведаміў журналістам, што паліцыя разглядае гэта як ізаляваны інцыдэнт, і выказаў надзею на мірнае вырашэнне крызісу.
Людзі знаходзяцца ў закладніках болей за шэсць гадзінаў.
Тры чалавекі змаглі выбегчы з будынка. Двое мужчын выбеглі з шкляных дзвярэй, яшчэ адзін — з пажарнага выхаду. Па дадзеных карэспандэнта Daily Mail Australia, адзін з гэтых мужчын быў супрацоўнікам кавярні, а двое іншых — наведвальнікамі.
«Мы будзем працаваць з гэтымі людзьмі, каб атрымаць больш інфармацыі. Мы не маем дадзеных, што хто-небудзь паранены на гэтым этапе», — паведаміла Бэрн.
Інцыдэнт адбыўся, калі ў панядзелак раніцай людзі пачалі прыходзіць на працу. Кавярня, у якой трымаюць закладнікаў, размешчана паблізу станцыі Martin Place. Сведкі бачылі, як мужчына з торбай і пісталетам заходзіў туды.
Прэм'ер-міністр Аўстраліі Тоні Эббатт сказаў, што гэты інцыдэнт выклікае вялікую занепакоенасць. Ён сказаў, што да гэтага часу невядома, хто адказны за гэтыя дзеянні, аднак яны могуць быць палітычна матываванымі.
«Няхай аўстралійцы не сумняваюцца ў тым, што праваахоўныя органы і службы бяспекі добра падрыхтаваны і маюць усё неабходнае. Яны працуюць старанна і прафесійна», —  сказаў ён.
У Аўстраліі сабралі нараду нацыянальнага камітэта бяспекі.

bbc.co.uk