Універсітэт ЛНР і Горацкая акадэмія падпісалі дамову аб супрацы
Луганскі нацыянальны універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі і Горацкая сельгасакадэмія падпісалі дамову аб супрацоўніцтве, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на прэс-службу міністэрства адукацыі і навукі самаабвешчанай ЛНР.
Гэта не ў першы раз, калі Горацкая сельгасакадэмія ўдзельнічае ў нейкіх сумесных праектах з самаабвешчанай рэспублікай ЛНР. Так у чэрвені 2019 года Савет маладых навукоўцаў Горацкай акадэміі арганізоўваў навукова-практычную канферэнцыю «Моладзь і інавацыі — 2019», у якой удзельнічалі супрацоўнікі Луганскага універсітэта імя Шаўчэнкі з ЛНР. Да гэтага ў сакавіку 2019 супрацоўнікі Горацкай сельгасакадэміі ўдзельнічалі ў навукова-практычнай канферэнцыі «Перспектывы развіцця навукі ў галіне біялогіі», што праходзіла ў ЛНР. На сайце Горацкай сельгасакадэміі нідзе не афішуецца інфармацыя аб падпісанні дамовы з універсітэтам з ЛНР.
Асноўнай задачай супрацоўніцтва абвешчана стварэнне спрыяльных умоў для абмену ідэямі, інфармацыяй і тэхналогіямі. Дагавор прапануе наладзіць супрацоўніцтва ў адукацыйнай, навуковай і культурнай галінах, стварэнне адзінага інфармацыйнага, навукова-адукацыйнага і культурнага асяроддзя.
Бакі дамовіліся аказваць дапамогу адзін аднаму ў распрацоўцы і правядзенне сумесных навуковых і творчых даследаванняў. Абменьвацца навуковай інфармацыяй, публікацыямі, навучальнымі і даследчымі дасягненнямі. Сумесна выдаваць навуковую і метадычную літаратуру. Арганізоўваць абмен выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі для чытання адкрытых лекцый, правядзення заняткаў, кіраўніцтва дысертацыйнымі даследаваннямі. Праводзіць творчыя сустрэчы, выставы і паказы.
Афіцыйна Беларусь не прызнае самаабвешчаныя рэспублікі ДНР і ЛНР і выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.