Вайна Расіі супраць Украіны: галоўнае за ноч з 26 на 27 лютага

Расійскія войскі пачалі наносіць удары па інфраструктуры Украіны.

Выбух на газаправодзе ў Малай Данілаўцы вонкава быў падобны на «ядзерны грыб»

Выбух на газаправодзе ў Малай Данілаўцы вонкава быў падобны на «ядзерны грыб»


Расійскія войскі пачалі наносіць удары па інфраструктуры Украіны. У Васількове (Кіеўская вобласць) пасля ракетнага абстрэлу РФ палае нафтабаза. Пад Васільковам працягваецца бой за аэрапорт, таму тушэнне пажару абцяжарана.

У Харкаўскай вобласці ў пасёлку Малая Данілаўка войскі РФ узарвалі газаправод.

Расійскія ракеты трапілі ў пункт пахавання радыеактыўных адкідаў Кіеўскага аддзялення «Аб'яднанне Радон». Камеры назірання зафіксавалі падзенне снарадаў. Аўтаматызаваная сістэма радыяцыйнага маніторынгу выйшла са строю, аднак выкіду не адбылося — радыяцыйны фон у норме.

У цэлым, як адзначыў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк, «баі ідуць у тых жа рэгіёнах, дзе яны і пачыналіся». «Трэці дзень вайны, а пазіцыйныя баі ідуць у тых жа рэгіёнах, дзе яны і пачыналіся. Гэта Харкаў, Херсон, Адэса, Нікалаеў, Сумы, Чарнігаў, Жытомір — усюды ідуць баі, якія былі тры дні таму. На тым жа месцы», — заявіў Падаляк.

Хакеры Anonymous узламалі частату, на якой акупанты вялі перамовы, і запусцілі гімн Украіны. «Яны не могуць каардынаваць свае дзеянні, калі не могуць мець зносіны», — сказана ў паведамленні.

Ілан Маск падключыў Украіну да Starlink. «Сэрвіс Starlink цяпер актыўны ва Украіне. Іншыя тэрміналы ў шляху», — напісаў Маск у Twitter.

Intel і AMD спыняюць пастаўкі мікрачыпаў у Расію.

Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што Захад «абавязваецца» забяспечыць адключэнне некаторых расійскіх банкаў ад сістэмы SWIFT. Акрамя таго, сказала яна, «мы паралізуем актывы Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі. Гэта замарозіць яго транзакцыі і пазбавіць ЦБ магчымасці ліквідаваць свае актывы». Пад замарозку, па розных дадзеных, могуць трапіць ад 200 да 640 млрд долараў. Варта адзначыць, што ўсе ЗВР Расіі складаюць 670 млрд долараў.

Фон дэр Ляен дадала, што Еўракамісія будзе актыўна працаваць над тым, каб «забараніць расійскім алігархам выкарыстоўваць свае фінансавыя актывы на еўрапейскіх рынках».

У Белгародскай вобласці, якая мяжуе з Харкаўскай, Луганскай, Сумскай абласцямі, каля 5 тысяч кантрактнікаў, якіх спешна збіралі для адпраўкі ва Украіну, адмовіліся ехаць ваяваць. Фармальна сваю адмову ад удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне збунтаваныя вайскоўцы аргументуюць тым, што гэта не прадугледжана ў іх кантрактах.

Украіна выступіла з ініцыятывай аб скліканні экстранай спецыяльнай сесіі Генасамблеі ААН. На ўзроўні Генасамблеі Расія не мае права вета, бо рэзалюцыю будуць разглядаць усе члены Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.