За новага прэм’ера Арменіі прагаласуюць увечары 8 траўня

У Нацыянальным сходзе, парламенце Арменіі, 8 траўня адбудзецца галасаванне за кандыдатуру апазіцыйнага лідара Нікола Пашыняна на пасаду прэм’ер-міністра. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

c072610d_010e_4feb_a627_75cd627734a9_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

1 траўня Рэспубліканская партыя Арменіі, якая мае большасць у парламенце, заблакавала абранне Пашыняна. Гэта прывяло да новых пратэстаў у Арменіі, пасля якіх кіроўная партыя пагадзілася дапамагчы выбраць Пашыняна кіраўніком ураду.
Пашынян мае атрымаць галасы не менш як 53 дэпутатаў у парламенце, які складаецца з 105 месцаў. Падчас галасавання 1 траўня за ягоную кандыдатуру прагаласавалі 45 дэпутатаў, а 56 дэпутатаў, якія прадстаўляюць фракцыю Рэспубліканскай партыі, выступілі супраць.
Перад сённяшнім галасаваннем у кіроўнай партыі заявілі, што «8 траўня ў Арменіі будзе прэм’ер-міністр».
Кіраўнік парламенцкай фракцыі «Элк» Нікол Пашынян з'яўляецца адзіным кандыдатам на пасаду прэм’ера.
Калі парламенту Арменіі і на гэты раз ня ўдасца зацвердзіць прэм’ер-міністра, то галоўны заканадаўчы орган краіны будзе распушчаны і прызначаць датэрміновыя парламенцкія выбары. Пры такім сцэнары Рэспубліканская партыя захавае кантроль над выканаўчай уладай сама меней на час выбараў. На думку апазіцыі, гэта непрымальна, паколькі гэта таксама будзе азначаць магчымасць для кіроўнай партыі выкарыстоўваць існы адміністрацыйны рэсурс.
Дзясяткі тысяч грамадзян 8 траўня зноў плануюць сабрацца на плошчы Рэспублікі ў цэнтры Ерэвану, куды іх напярэдадні запрасіў сам Нікол Пашынян для святкавання «эпахальнай перамогі».