«Зыходзім з таго, што ён ніяк не будзе выкарыстаны». Крэмль пра рэзерв для дапамогі беларускім сілавікам

Крэмль лічыць, што сфарміраваны на просьбу Аляксандра Лукашэнкі рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў Расіі не будзе выкарыстоўвацца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў гутарцы з журналістамі заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Ілюстацыйнае фота з сайта joinfo.ua

Ілюстацыйнае фота з сайта joinfo.ua

«Вельмі важна ўсведамляць, і прэзідэнт падкрэсліў, што гэта менавіта рэзерв, і, уласна, няма ніякай неабходнасці неяк яго задзейнічаць, неяк яго выкарыстоўваць. Прэзідэнт Пуцін зыходзіць з таго, што ён ніяк не будзе выкарыстаны. І мы зыходзім з таго, што да такой крайняй сітуацыі, якую апісаў прэзідэнт, з такой сітуацыяй Беларусь не сутыкнецца», — сказаў Дзмітрый Пяскоў.

На пытанне, ці можа Расія аказаць дапамогу не беларускім сілавікам, а насельніцтву, грамадзянскай супольнасці краіны, Пяскоў адказаў: «Гэта гіпатэтычныя развагі. Мы з вамі бачым, што сілавікі дзейнічаюць вельмі карэктна, вельмі асцярожна і вельмі акуратна выконваюць свае функцыі».

Нагадаем, 27 жніўня ў інтэрв'ю « России 24» Уладзімір Пуцін заявіў, што сфарміраваў рэзерв з сілавікоў для адпраўкі ў Беларусь на выпадак процідзеяння магчымаму экстрэмізму.

У гутарцы з журналістамі Пяскоў растлумачыў, што экстрэмісцкія дзеянні могуць прадстаўляць пагрозу ў першую чаргу для жыхароў Беларусі, але мясцовая міліцыя такімі дзеяннямі не займаецца.

Паводле meduza.io