Жырыноўскі папрасіў Лукашэнку ўвесці войскі ва Украіну
Лідэр ЛДПР настойвае на акупацыі Украіны войскамі Беларусі і Расіі. Уладзімір Жырыноўскі лічыць, што гэта трэба зрабіць да 9 мая. «Тады краіна ўздыхне свабодна і зможа адсвяткаваць яшчэ адну перамогу», — сказаў лідэр ЛДПР.
Ён паведаміў, што дэпутаты ўсіх фракцый Дзярждумы запатрабавалі ад ваенна-палітычнага кіраўніцтва РФ як мага хутчэй прыняць усе меры, каб спыніць карную аперацыю кіеўскіх уладаў, перадае РСН.
«Наша кіраўніцтва прыме комплекс мер, каб забяспечыць бяспеку грамадзян паўднёва-усходу і прымусіць да адступлення усе ўзброеныя фарміравання», — упэўнены Жырыноўскі.
Па яго думку, не павінна заставацца ў баку і Беларусь, яна магла б увесці войскі ў паўночна-заходнія вобласці Украіны і дапамагчы заблакаваць сілы Кіева.
«Аперацыя, якую кіеўскія ўлады называюць контртэрарыстычнай, робіцца з мэтай пакінуць Украіну адзінай пад нацысцкім рэжымам і ўключыць яе ў НАТА, і затым дыверсійнымі атрадамі турбаваць нашы заходнія рэгіёны — Кубань, Варонеж, Растоў, Курск, Белгарад», — лічыць Жырыноўскі.
Нагадаем, ва Узброеных Сілах Беларусі працягваецца праверка боегатоўнасці, распачатая са студзеня бягучага года па даручэнні Лукашэнкі. Першыя два месяцы выпрабоўвалася гатоўнасць органаў кіравання, сегмента супрацьпаветранай абароны, а таксама органаў кіравання і падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны. Пасля гэтага правяралася адзіная рэгіянальная сістэма СПА Беларусі і Расіі.