Мілан Кундэра: няправільны камуніст, геніяльны раманіст

Сёння стала вядома, што чэшскі пісьменнік Мілан Кундэра сышоў у лепшы свет ва ўзросце 94 гадоў. Чаму аўтар «Невыноснай лёгкасці быцця» называў сваёй радзімай Францыю, за што двойчы быў выключаны з камуністычнай партыі і пра што публічна спрачаўся з Вацлавам Гавэлам? 

Мілан Кундэра. Getty Images

Мілан Кундэра. Getty Images

Жыццё Мілана Кундэры было шчыльна звязаным з музыкай

Мілан Кундэра нарадзіўся 1 красавіка 1929 года ў чэхаславацкім Брно.

Яго бацька Людвік Кундэра быў вядомым чэшскім музыказнаўцам і піяністам, рэктарам акадэміі мастацстваў у Брно.

Бацька навучыў маленькага Мілана граць на фартэпіяна, пазней хлопчык удасканаліў свае веды ў музычнай кампазіцыі.

Аднак яму было наканавана стаць адным з найлепшых чэшскіх пісьменнікаў. Кундэра распавядаў, што выкарыстоўвае прыёмы музычнай кампазіцыі ў пабудове сваіх літаратурных твораў: «Для мяне кантраст тэмпаў выключна істотны. Гэта адна з першых ідэй, якія з'яўляюцца ў мяне пра новы раман задоўга да таго, як я пачынаю яго пісаць».

З 1948 быў сябрам Камуністычнай партыі Чэхаславакіі

Як пішуць даследчыкі Мілана Кундэры, ён належыў да пакалення маладых чэхаў, у якіх было мала ці зусім не было досведу даваеннай дэмакратычнай Чэхаславацкай Рэспублікі. На іх ідэалогію вялікі ўплыў аказаў досвед Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі.

Таму яшчэ ў падлеткавым узросце ён уступіў у Камуністычную партыю Чэхаславакіі, што прыйшла да ўлады ў 1948 годзе.


«Камунізм паланіў мяне гэтак жа моцна, як Стравінскі, Пікаса і сюррэалізм», — прызнаваўся Кундэра.

Праз два гады, у 1950, быў выключаны з КПЧ за «антыпартыйную дзейнасць і індывідуалісцкія тэндэнцыі»

Малады Мілан Кундэра навучаўся ў Карлавым універсітэце ў Празе. У вольны час перакладаў на чэшскую рэвалюцыйныя вершы Маякоўскага. Аднак быць правільным камуністам складана, так што ў 1950 годзе Кундэра разам з іншым пісьменнікам Янам Трэфулка быў выключаны з універсітэта і партыі за «антыпартыйную дзейнасць». Паведамляецца, што падставай для выключэння стаў жарт пра аднаго з партыйных дзеячаў. Мілан Кундэра ўсё ж працягнуў навучанне, у тым ліку дзякуючы аўтарытэту бацькі.

wlzd8htbzrbxmljf0ndb.jpg

А ў 1950-х ён стварыў паэтычны цыкл, у якім усхваляў актывіста чэхаславацкай кампартыі Юліуса Фучыка.

Кундэра быў зноў прыняты ў партыю ў 1956 годзе, і заставаўся яе сябрам ажно доўгіх 14 гадоў.

Першы раман Мілана Кундэры выкрываў таталітарызм

Сваё выключэнне з партыі Кундэра выкарыстае ў сюжэце свайго першага, надзвычай паспяховага рамана «Жарт», што будзе выдадзены ў 1967-м. У рамане выкрывалася жорсткасць камуністычнага рэжыму ў адносінах нават да асабліва лаяльных грамадзянаў.

У часе з’яўлення рамана ў краіне развіваўся грамадска-палітычнага рух за «сацыялізм з чалавечым тварам», свабоду друку, і правы індывіда.

Поўным крытыкі камуністычных рэжымаў будзе і самы вядомы раман Кундэры «Невыносная лёгкасць быцця», упершыню надрукаваны ў 1984-м.

На IV з'ездзе чэхаславацкіх пісьменнікаў Кундэра выступіў з прамовай «Пра невідавочнасць існавання чэскай нацыі»

З’езд адбыўся ў тым жа 1967-м.

Падчас выступу Кундэра сцвердзіў, што «спачатку акупацыя, а потым сталінізм» ізалявалі чэшскую літаратуру ад свету, знізілі яе на ўзровень «пустога прапагандызму», і толькі ў 60-я гады яна пачала пераадольваць гэты стан.

З той жа прамовы:

«Малыя народы могуць абараніць сваю мову і сваю самабытнасць толькі культурнай значнасцю сваёй мовы, незаменнасцю створаных на ёй каштоўнасцяў».

«Кожны, хто сваім крыхаборствам, вандалізмам, бескультур'ем, нявольнадумствам падкошвае ногі будучаму культурнаму развіццю, тым самым падкошвае ногі самому існаванню нашага народа.»

Пратэставаў супраць уводу савецкіх войскаў

У студзені 1968 года Кундэра падтрымаў абвешчаны старшынёй Кампартыі Аляксандрам Дубчакам курс на рэформы,  дэмакратызацыю (гэты працэс пераўтварэнняў увайшоў у гісторыю як "Пражская вясна"). У жніўні таго ж года ён быў у ліку тых, хто пратэставаў супраць уводу ў краіну савецкіх войскаў.

Публічна спрачаўся з Вацлавам Гавэлам

Некаторы час пасля ганебнага ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакіі захоўвалася некаторая свабода слова, у друку выкрывалі акупантаў.

Таму ў калядным нумары штотыднёвіка Саюза пісьменнікаў «Лісты» Кундэра з натхненнем канстатаваў, што, нягледзячы на прысутнасць савецкіх войскаў, у краіне захоўваюцца грамадзянскія свабоды. Ён лічыў гэта безумоўным дасягненнем «Пражскай вясны». Кундэра заклікаў усіх супакоіцца, бо «яшчэ нікога не кідаюць за краты за меркаванні». 


Ён пісаў, што «чэшскі народ ад самага пачатку свайго існавання быў зліты з культурай так лёсавызначальна, як мала які яшчэ з еўрапейскіх народаў, і таму ў гэтай палове Еўропы ён ёсць народам найбольш разумным, адукаваным і не дае апаіць сябе таннай прапагандай».

Вацлаў Гавэл, у сваю чаргу, хутка зразумеў рэальную сітуацыю ў краіне і заклікаў да супраціву. У адказ на пасланне Кундэры ён пісаў: «Калі мы не будзем здольныя ні на што іншае, як толькі саграваць адно аднаго ўспамінамі аб мінулых поспехах, якія выклікаюць надзею на захаванне чэшскага народа, ён знікне вельмі хутка. Не знікнуць ён можа толькі ў тым выпадку, калі тысячы яго прадстаўнікоў без доўгіх гутарак успрымуць  барацьбу за пэўныя, абсалютна канкрэтныя каштоўнасці як свой штодзённы, актуальны і рызыкоўны абавязак – зусім не нацыянальны, а проста чалавечы».

Пазіцыю Гавэла Кундэра ахарактарызаваў як бескарысны радыкалізм і «маральны эксгібіцыянізм». Аднак ужо вельмі хутка гісторыя паказала, што Вацлаў Гавэл, які пасля перамогі «бархатнай рэвалюцыі» стаў прэзідэнтам Чэхіі, быў правы.

Кнігі Мілана Кундэры аказаліся пад забаронай на радзіме

Па абвінавачанні ў саўдзеле ў рэвалюцыйных падзеях яго зноў выключылі з партыі. Пісьменніку забаранілі друкавацца, а яго кнігі зніклі з паліцаў крам і бібліятэк.

З 1981 года – грамадзянін Францыі

Мілан Кундэра пераехаў у Францыю ў 1975-м. З 1990-га ён пісаў толькі па-французску і называў Францыю сваёй адзінай радзімай.

Мілан Кундэра з жонкай

Мілан Кундэра з жонкай

У 1979-м родная краіна адмовілася ад яго, каб толькі праз 40 гадоў, у 2019-м, вярнуць вялікаму пісьменніку грамадзянства

У 2019 годзе Кундэру вярнулі чэшскае грамадзянства. Сустрэча з паслом Чэхіі Пятром Друлакам прайшла ў доме пісьменніка ў Францыі 28 лістапада. Па словах Друлака, ён ад імя ўсёй Чэхіі папрасіў прабачэння ў Кундэры «за напады, якія ён вытрымліваў гадамі».

Мілан Кундэра

Мілан Кундэра